Акупацыя пад выглядам яднання

У Беларусі пачалі падрыхтоўку да Дня яднання з народам Расеі, які адзначаецца другога красавіка. Акрамя ўжо традыцыйных канцэртаў і мітынгаў пад расейскім трыкалорам, у праграме – абавязковыя патрыятычныя заняткі ў школах для дзяцей і падлеткаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнкаўскія чыноўнікі святкуюць Дзень яднання Расеі і Беларусі ды паўтараюць як мантру, што будуюць прыклад добрасуседскага саюзу. Гэтак, на меркаванне пасобнікаў рэжыму, выглядае інтэграцыя, а, фактычна – паглынанне нашай краіны.

«Становішча Беларусі ў дачыненні Расеі можна вызначыць як штосьці сярэдняе паміж калоніяй і акупаванай тэрыторыяй. Тры дзесяцігоддзі, нават да Лукашэнкі, афіцыйная прапаганда працавала на тое, што ўбівала людзям у галовы, што без Расеі нам не пражыць, мы – малодшыя браты», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Сяргей Навумчык.

Інтэнсіўная праца над інтэграцыйнымі захадамі пачалася ў 2019 годзе. А ў верасні 21-га былі падпісаныя 28 дарожных картаў. У іх – інтэграцыя плацежных сістэмаў Расеі і Беларусі, фармаванне адзінага рынку нафты, электраэнергіі, увядзенне агульнай валюты ды іншае.

У той жа час, паводле расследавальніцкага цэнтру «Дасье», у Маскве быў распрацаваны дакумент пад назваю «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі ў беларускім кірунку». Згодна са зместам якога, мэтай Крамля ёсць палітычная, эканамічная, вайсковая інтэграцыі Беларусі да 2030-га года.

«На сённяшні дзень адбылося галоўнае: на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расейскія войскі. Практычна, гэта – канец тэмы. Астатняе – справа тэхнікі. Я думаю, што Масква вельмі хутка можа зрабіць працэдуру, якая б у сваім завяршэнні фіксавала поўную анексію Беларусі», – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Сяргей Навумчык.

Яшчэ адной мэтай Расеі, паводле дакументу, ёсць стварэнне адзінай культурніцкай пляцоўкі, а таксама канчатковае замяшчэнне беларускай мовы – расейскай. Паводле эксперткі Святланы Мацкевіч, згода ў гэтых пытаннях сапраўды дасягнутая. Праўда, не народамі.

«Гэтае адзінства сапраўды мае культурную падставу: і гэтай культурнай падставай ёсць прыхільнасць кіраўнікоў гэтых краінаў да пэўнай сістэмы каштоўнасцяў. У той жа час, казаць, што краіны аб’ядналіся, мы не можам, – што б ні было напісана ў паперах», – кажа экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Пры гэтым «мяккай сілаю» для насаджэння расейскай культуры ў Беларусі ёсць цэнтры «Рассупрацоўніцтва», яны наўпрост фінансуюцца Крамлём і на цяперашні момант месцяцца ў Менску, Гомлі і Берасці. Асноўны кірунак дзейнасці гэтай арганізацыі – стварэнне інтэграцыйных праграмаў для расейскай і беларускай моладзі.

«Безумоўна, праца са школьнікамі і моладдзю вельмі важная, паколькі тыя каштоўнасці, якія нам удасца трансляваць ім сёння, заўтра ператворацца ў іхны светапогляд. І ўчорашнія дзеці будуць кіравацца імі, будуючы будучыню і Расеі, і Беларусі», – заяўляў кіраўнік прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» у Беларусі Юрый Макушын.

Так, маладых беларусаў адпраўляюць у навукова-адукацыйныя паездкі па расейскіх гарадах, рыхтуюць да ўдзелу ў алімпіядах на веданне расейскай культуры, гісторыі і мовы, а ў беларускіх школах тым часам праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі «Рассупрацоўніцтва», ды тэматычныя выставы да юбілеяў расейскіх літаратараў.

«Калі ідзе разлік на дзяцей, то гэта разлік у доўгатэрміновай перспектыве. Праз гэта фармуецца лаяльнасць, супакоенасць да праявы сілы, памяркоўнасць да дыктатуры, неразуменне, што такое свабода, што такое права», – мяркуе экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

Прарасейскі курс прымушаюць падтрымліваць і беларускіх педагогаў. Так, з трэцяга да сёмага красавіка яны мусяць правесці школьныя заняткі, на якіх будуць распавядаць пра саюзную дзяржаву, агульную для дзвюх краінаў гісторыю і каштоўнасць расейскай мовы.

Наста Печанькова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама