Чаму прапаганда шалее ад Дня Волі?

Для адных Дзень Волі – важная гістарычная дата, для іншых – «недасвята шайкі недаразвітых змагароў». Так напісаў пра 25-га сакавіка адзін з праўладных інтэрнэт-рэсурсаў. А тых, хто сёння святкуе абвяшчэнне БНР, лукашэнкаўскія медыі называюць фашыстамі. Чым Беларуская Народная Рэспубліка не дагадзіла рэжыму і як прапаганда перакручвае гістарычныя факты?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Люты 1918 года. Чырвоная армія пакідае Менск, ідзе наступ нямецкіх войскаў. 25 сакавіка выканкам Рады Усебеларускага з’езду, раней разагнанага бальшавікамі, агалошвае Беларускую Народную Рэспубліку.

«Да гэтага моманту беларускія палітыкі разважалі пра канцэпцыю стварэння беларуска-літоўскай дзяржавы ці пра іншыя федэратыўныя формы. Таму абвяшчэнне БНР – гэта першы раз, калі беларусы заявілі пра стварэнне сваёй нацыянальнай дзяржавы», – распавядае гісторык Яўген Дудкін.

Рэсурсаў, каб адстаяць незалежнасць, беларускаму ўраду не выстачыла. У снежні бальшавікі вярнуліся. Рада БНР эмігравала. За савецкім часам факт абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўтойвалі.

«Гэта стараліся замоўчваць, каб паказаць, што гэта створана нібыта беларускімі буржуазнымі сіламі, белапалякамі, прыніжаючы годнасць беларускага народу, жаданне беларусаў самім вырашаць, хто яны і як ім жыць», – кажа Яўген Дудкін.

Многія дзеячы БНР былі сацыялістамі. Што, аднак, не замінала савецкаму рэжыму затаўраваць іх як буржуазных нацыяналістаў. Той час мінуў, а дзяржпрапаганда – засталася.

«Скарміць сёння інфармацыю, што 25 сакавіка – вялікае свята, не ўдасца, пад якім бы соусам яе не падавалі! Дзень Волі – псеўдасвята! Адзначаць яго могуць толькі тыя, хто падтрымлівае ідэі фашызму. Сапраўдных беларусаў, праўдзівых патрыётаў не правядзеш!» – напісала сёння ў сваім Telegram-канале газета «Маяк Прыдняпроўя».

«Яе абвяшчэнне фактычна засталося толькі пустой дэкларацыяй пра намеры, што не здзейсніліся. Дый самі стваральнікі БНР дзейнічалі пад германскай акупацыяй. Спрабавалі чагосьці дасягнуць, прыкрываючыся фашызмам», – сцвярджае праўладны Telegram-канал «GorkiNEWS».

Дзеячы БНР сапраўды адправілі нямецкаму імператару тэлеграму з просьбай аб падтрыманні. Але пры чым тут фашызм? БНР абвясцілі ў 1818-м годзе, а Гітлер прыйшоў да ўлады ў Нямеччыне толькі ў 1933-м.

«Малавядома, што нямецкая палітыка ў Першай сусветнай вайне прынцыпова адрознівалася ад палітыкі часоў Другой сусветнай вайны. Усе тыя масавыя злачынствы, што цяпер асацыююцца з немцамі, былі пераважна здзейсненыя ў часы Другой сусветнай. Так што, тут – спроба выклікаць адпаведныя асацыяцыі», – мяркуе гісторык Аляксандр Фрыдман.

З гэтага гледзішча, тэлеграма кайзеру не выглядае нечым ганебным. Немцы ў той час актыўна заігрывалі з нацыянальнымі рухамі на тэрыторыі былой Расейскай імперыі, адзначае эксперт.

«Калі нейкая замежная сіла хаця б тэарэтычна магла падтрымаць праект беларускай незалежнай дзяржавы, дык гэта былі немцы. Таму зварот да немцаў быў цалкам лагічным», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Цяперашні рэжым ачарняе Беларускую Народную Рэспубліку з той самай прычыны, з якой у свой час замяніў дзяржаўную сімволіку і ўзмацніў русіфікацыю, мяркуе гісторык Яўген Красулін.

«Гэты рэжым выступае супраць усяго беларускага. Гэта – савецкі, расейскі рэжым, які ад пачатку ставіў сваёй мэтай ліквідацыю беларускай дзяржаўнасці», – сцвярджае Яўген Красулін.

БНР не мела рэальнай улады, але пакінула сваю спадчыну. Упершыню ў гісторыі беларускую мову абвясцілі дзяржаўнай, стваралася сістэма адукацыі, абазначыліся межы краіны, Менск назвалі сталіцай. Захаваўся, дарэчы, і будынак, у якім 25 сакавіка 1918 года адбылася гэтая гістарычная падзея – абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, першай беларускай дзяржавы.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама