Як святкавалі Дзень Волі

За тры дзясяткі гадоў, што адзначаецца Дзень Волі, святы, якія б абышліся без масавых затрыманняў ды разгонаў, можна пералічыць на пальцах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Першае публічнае святкаванне дня абвяшчэння незалежнасці БНР адбылося 25 сакавіка 1989 года. Тады яшчэ існаваў Савецкі Саюз, і акурат у той час адбываліся выбары ў Вярхоўны Савет СССР. Таму арганізатар акцыі – Беларускі Народны Фронт – змог сабраць дзясяткі тысяч людзей.

«І вось тады на гэтым велізарным полі былі паднятыя беларускія сцягі, тады выступалі за незалежнасць, гаварылі аб барацьбе з камунізмам і за незалежную Беларусь», – узгадвае старшыня КХП – БНФ Зянон Пазняк.

Адбылася ў гэты ж дзень яшчэ адная акцыя – студэнт менскага Тэатральна-мастацкага інстытуту Алесь Пушкін зладзіў палітычны перформанс, які падтрымалі іншыя студэнты. Моладзь выйшла з плакатамі, прысвечанымі семдзесят першай гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Але асноўны пасыл быў: грамадзянін! У гэты дзень 71 год назад была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Памятай і думай пра гэта!», – так тры гады таму апісваў мастак Алесь Пушкін плакат, з якім выходзіў у 1989-м.

Тады затрымалі тры дзясяткі ўдзельнікаў – і гэта былі першыя затрыманні на Дзень Волі.

Хоць дваццаць пятага сакавіка не стала дзяржаўным святам у незалежнай Беларусі, на пачатку 1990-х улады не перашкаджалі людзям святкаваць. А 75-годдзе абвяшчэння незалежнасці БНР адзначалі і на афіцыйным узроўні. Ва ўрачыстасцях у Белдзяржфілармоніі ўдзельнічалі старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, афіцыйныя асобы ды дзеячы культуры.

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ды новым курсам краіны на збліжэнне з Расеяй адзначэнне Дня Волі стала адначасова дэманстрацыяй нязгоды з палітыкай уладаў.

Так, у 1996-м на Дзень Волі людзі выйшлі на вуліцы Менску, каб выказаць пратэст супраць беларуска-расейскай інтэграцыі.

«Калі з’явіўся гэты рэжым і гэты чалавек, людзей пачалі зневажаць, міліцыя пачала на іх нападаць, біць дубінкамі, кідаць у камеры, ламаць сцягі. Пачалося варварства, якое працягваецца па сённяшні дзень», – кажа Зянон Пазняк.

У двухтысячным годзе 25 сакавіка ўлады вывелі супраць мірнай дэманстрацыі вайсковую тэхніку – вадамёты і бронетранспарцёры, а ў цэнтры гораду зʼявіліся ўзброеныя вайскоўцы з сабакамі.

Дзень Волі 2006 года стаўся найбольш крывавым. За тыдзень да свята прайшлі прэзідэнцкія выбары. Намётавае мястэчка, што ўтварылася на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць фальсіфікацыяў, знішчылі напярэдадні Дня Волі, а шэсце да турмы на Акрэсціна 25 сакавіка жорстка разагналі, спецназ затрымліваў і збіваў людзей.

«Гэта залежала выключна ад вонкавай канʼюнктуры, бо ўлады ў залежнасці ад сітуацыі маглі весці дыялог з прадстаўнікамі заходніх урадаў. І ў залежнасці ад гэтага яны маглі менш груба паводзіцца ў часе масавых акцыяў», – лічыць кіраўнік фонду «Маладая Беларусь», былы палітзняволены Артур Фінкевіч.

Так, у 2009–2010 гадах падчас чарговай «адлігі» у стасунках з Еўропаю святкаванне гадавіны абвяшчэння БНР праходзіла каля Акадэміі навук, з дазволу ўладаў і без затрыманняў.

У 2017 годзе, пасля хвалі пратэстаў супраць «дэкрэту аб дармаедах», рэакцыя рэжыму на Дзень Волі зноў была жорсткай. Былі і прэвентыўныя затрыманні, у дзень свята дык і са збіццём. У цэнтры Менску сканцэнтравалі сілавікоў і спецтэхніку.

У 2018-м адзначалася стагоддзе абвяшчэння незалежнасці. Адсвяткаваць дазволілі афіцыйна.

Такой колькасці людзей, якіх сабрала гэтае свята, не чакалі ні ўлада, ні некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, узгадвае адзін з арганізатараў святкавання Анатоль Лябедзька:

«Я думаю, што было тысяч сорак. І гэта было насамрэч адчуванне свята. Гэта быў адказ уладам, чаго хочуць людзі. Людзі хочуць ведаць гісторыю і хочуць ісці наперад з каштоўнасцямі. Гэта было галоўнае – і гэта было прадэманстравана акурат на стагоддзі БНР».

Двух з асноўных арганізатараў таго святкавання, Паўла Белавуса і Эдуарда Пальчыса, як і заяўніка акцыі Рыгора Кастусёва, сёння трымаюць за кратамі. Заяўнік акцыі Анатоль Лябедзька, як і Ігар Барысаў, Юрась Губарэвіч, адзін з арганізатараў канцэрту Антон Матолька, зʼехалі ад пераследу за мяжу. Няма сярод жывых Алеся Ліпая, заснавальніка і кіраўніка кампаніі БелаПАН, што была адным з асноўных спонсараў свята, а таксама заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера, які выступаў з віншавальнай прамоваю.

«Але справядлівасць вернецца. І нейкае свята – можа, БНР-110, БНР-115 – мы будзем святкаваць ізноў у Менску. І ўжо ўсе будуць на волі – і мы будзем шчасліва несці нашую перамогу», – перакананы музыка Пётр Клюеў.

І памятаць нашую гісторыю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама