Дзень Волі для рэжыму – нагода для рэпрэсіяў

Сілавікі Лукашэнкі поўнаю хадою вучацца разганяць мітынгі. З аднаго боку – узброеныя да зубоў міліцыянты, з другога – нібыта дэманстранты са сцягамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта – вучэнні ўнутраных войск МУС. Яны прайшлі 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі. Для многіх беларусаў гэта – важнае свята, для міліцыянтаў жа яно, нібы чырвоная ануча для быка.

Здавалася б, закручваць гайкі больш няма куды. Тым не менш, перад Днём Волі сілавікі традыцыйна актывізаваліся. У рэгіёнах масава затрымлівалі людзей, якія значацца на міліцэйскім уліку як нядобранадзейныя. Прыходзілі да былых палітвязняў, удзельнікаў пратэстаў. Вось сведчанне, дадзенае журналістам радыё «Свабода» жыхаром аднаго з абласных цэнтраў:

«Мне ў аддзеле міліцыі проста сказалі, што затрыманні і вобшукі звязаныя з Днём Волі, які раней адзначаўся ў Беларусі 25 сакавіка. Сказалі, што «трусіць» будуць усіх да 27 сакавіка».

Напярэдадні ў Берасці сілавікі затрымалі вядомага палітычнага і грамадскага дзеяча Валянціна Лазарэнкава. Ці звязана гэтае затрыманне з Днём Волі, невядома. Апроч таго, праваабаронцы паведамляюць пра «зачысткі» ў Рэчыцы, Мазыры, Гомлі ды іншых гарадах.

«Затрыманні ёсць, сапраўды, я не магу раскрываць персанальных дадзеных, але затрыманні гэтыя ідуць. Я гэта сапраўды звязваю з Днём Волі», – кажа Раман Кісляк, юрыст, праваабаронца «Human Rights Impact».

Сакавік для сілавікоў Лукашэнкі заўжды быў гарачым месяцам. Самых актыўных палітычных і грамадскіх дзеячаў прэвентыўна забіралі за некалькі дзён да 25-га, каб на волю затрыманы выйшаў толькі пад канец месяца.

«У нармальных людзей – традыцыя адзначаць Дзень Волі, а ў сілавікоў Беларусі – традыцыя ў гэты Дзень Волі, напярэдадні яго, выходзіць на працу, сядзець у засадах, хапаць нявінных людзей. І гэтай традыцыі сапраўды даволі шмат, можа быць, 20–25 гадоў», – адзначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Цяпер жа працы нават паболела, кажа эксперт, бо пасля 2020-га міліцэйскія спісы «нядобранадзейных» павялічыліся:

«Калі 25-га нехта правядзе нейкую акцыю, няхай адзіночную, ці нават запіша нейкае відэа, здарыцца страшная крамола. Потым гэтаму начальніку міліцыі будзе ўказана: паўсюль было ціха, а ў тваім горадзе нехта выйшаў і павіншаваў беларусаў з Днём Волі», – працягвае думку Віталь Цыганкоў.

І такая крамола здарылася. Нават у сітуацыі закручаных гаек. Плакатамі і зваротам з Днём Волі беларусаў павіншавала суполка беларускіх пенсіянераў «Вязаныя берэты».

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама