Ці зможа Лукашэнка адправадзіць расейскія войскі з Беларусі?

Амерыканскія аналітыкі прадказваюць, што Лукашэнка пасля таго, як скончыцца вайна ва Украіне, будзе дамагацца вываду з Беларусі расейскіх войскаў…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра такі сцэнар піша Амерыканскі інстытут вывучэння вайны. Але наколькі рэальныя такія перспектывы? І наколькі самастойнай палітычнай фігурай застаецца самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі? Ці здольны ён кантраляваць чужыя войскі на тэрыторыі краіны?..

Лукашэнка рыхтуе інфармацыйную глебу, каб па заканчэнні вайны выправіць расейскія войскі з Беларусі. Такія высновы агучыў у сваёй свежай справаздачы Амерыканскі інстытут вывучэння вайны. Маўляў, гэтым тлумачыцца частае ўжыванне Лукашэнкам слова «суверэнітэт» падчас учорашняга выступу. Але ці сапраўды ягонае атачэнне мае такія стратэгічныя планы?

«Няма ў іх нейкага далёкага гарызонту планавання. Па-першае, сітуацыя форс-мажорная: вайна, менавіта яна вызначае абстаноўку ў рэгіёне. Па-другое, становішча Крамля, а ад яго, у сваю чаргу, залежыць Лукашэнка. Таму ад яго, ад ягоных словаў фактычна нічога не залежыць у гэтай сітуацыі», – кажа палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Калі вайна скончыцца часовым перамір’ем, Пуцін працягне трэнаваць войскі ў Беларусі, мяркуе аглядальнік. Дый сам Лукашэнка заяўляў, што рэжыму пагражае НАТО, і таму патрэбная супольная беларуска-расейская групоўка войскаў. І ад гэтых словаў цяжка будзе адхрысціцца.

Калі ж у Беларусь трапіць расейская ядравая зброя, то пры яе сховішчы, імаверна, створаць расейскую вайсковую базу. Бо Пуцін казаў, што не дасць Менску распараджацца такімі сродкамі. Лукашэнка, аднак, на публіку заяўляе, што ўсё ёсць і будзе заставацца пад ягоным кантролем.

«Гэта, хутчэй, мары Лукашэнкі, якія ён спрабуе выдаць за рэчаіснасць, быццам бы ён сам будзе гэтай зброяй распараджацца і сам будзе вырашаць, як і калі яе можна прымяняць», – кажа Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наша меркаванне».

Пра страту Лукашэнкам палітычнай самастойнасці заявіў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Я мяркую, што гэта – поўная страта якой-кольвек суб’ектнасці прэзідэнтам Беларусі. Я думаю, ён ужо не вырашае, якая зброя застаецца на ягонай тэрыторыі», – заявіў украінскі лідар.

А вуснамі Лукашэнкі гаворыць Крэмль – мяркуе ўкраінскі палітолаг Яўген Магда. Напрыклад, калі самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі заклікае Украіну і Расею да прыпынення агню і мірнага дыялогу без папярэдніх умоваў.

«Ініцыятывы Лукашэнкі ў гэтым цалкам упісваюцца ў логіку паводзінаў Крамля. Гэта Расея хоча перамірʼя, гэта Расея хоча спынення баявых дзеянняў. Яна хоча захаваць кантроль над 20 адсоткамі ўкраінскай тэрыторыі», – кажа Яўген Магда.

На думку палітолага, перамірʼе дазволіла б Маскве дабівацца зняцця санкцыяў і сабраць сілы для працягу вайны. Але Крэмль імкнецца захаваць аблічча, таму агучвае свае жаданні праз саюзніка. Ці зменіцца палітыка Кіева, што да менскага рэжыму, пасля прызнання Зяленскім несубʼектнасці Лукашэнкі і пасля заяваў Пуціна пра ядравую зброю ў Беларусі?

«Асіметрычным адказам на заявы Пуціна мае быць пачатак палітычных кансультацыяў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Не абавязкова толькі са Святланай Ціханоўскай. Палітычны спектр беларускіх дэмакратычных сілаў – шырэйшы», – мяркуе Яўген Магда.

Што вырашыць офіс Зяленскага – пытанне адкрытае. Кіеў, імаверна, дагэтуль меў нейкія ілюзіі адносна магчымасці дамаўляцца з Лукашэнкам як з субʼектам палітыкі. Заходнія ж лідары даўно не разглядаюць яго, як самастойную фігуру – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

«Для іх Лукашэнка – гэта ўжо марыянетка, якая фактычна нічога не вырашае. Крэдыту даверу – нуль. І нават у адмоўных значэннях. Трэба нешта неймавернае зрабіць, каб атрымаць глебу ў перамовах з Захадам», – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Учорашняе пасланне Лукашэнкі – узор жорсткай антызаходняй рыторыкі. Дый Крэмль не дазволіць менскаму саюзніку наладзіць дыялог з Захадам, кажа Аляксандр Класкоўскі. Гэта можа азначаць, што ў агляднай будучыні будзе мацнець не толькі асабістая залежнасць Лукашэнкі ад Пуціна, але і залежнасць Беларусі ад Расеі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама