Бутафорныя ядравыя боегалоўкі правязуць па Менску 3-га ліпеня

Лукашэнка пераймае традыцыі паўночнакарэйскага рэжыму. Ядравыя боегалоўкі прадэманструюць вайскоўцы на заўтрашнім парадзе, прысвечаным дню незалежнасці. Што праўда, пагрозлівыя яны будуць толькі з выгляду, бо пустыя – усярэдзіне. А яшчэ лукашэнкаўцы рэпетуюць парад у любое надвор’е і старанна хаваюць ад грамадскасці паломкі вайсковай тэхнікі, што мае быць сімвалам беларускай абароназдольнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На вайсковым парадзе ў Менску запланавалі прадэманстраваць ядравыя боегалоўкі, а дакладней – іх імітацыю. Знакі “радыяцыйная небяспека” па-расейску нанеслі ўчора на «Іскандэры» – паведаміў «Белсату» блогер Арцём Шапараў.

А што да іншай тэхнікі?

«Яны праводзілі трэнавальны парад і Тор не даехаў. Зламалася аса. Выйшла са строю стырнавое. То бок, разумееце, тэхніка яшчэ не ваюе, яна стаіць у спакойным стане і ўжо зламаная. Гэта проста, каб мы разумелі ўзровень беларускай арміі», – распавёў Арцём Шапараў.

29-га чэрвеня і 1-га ліпеня вайскоўцы рэпетавалі парад, у якім возьмуць удзел 6 тысяч чалавек і больш за 300 адзінак тэхнікі. Жаночы склад кінулі маршаваць, нягледзячы на залеву. Мокрыя ўсмешкі на тварах і каментар «надворʼе не замінала» меліся пераканаць Аляксандра Лукашэнку, што Міністэрства абароны «за цаной не пастаіць».

«Нашчадкаў перамогі» робяць з выхаванцаў дзіцячых садкоў. У міліцэйскім камуфляжы з шаўронам «Арляняты» малыя маршавалі перад кіраўніцтвам адміністрацыі Партызанскага раёну Менску. Камандаваў парадам хлопчык на электрамабілі.

На прапагандысцкіх кадрах усё прыгожа, але калі ўзяць шырэй – пабачым глыбока паточаны металічнымі вусенямі асфальт – штогадовы пабочны эфект паказнога шоу рэжыму. Сёлетні парад будзе каштаваць бюджэту да $ 10 мільёнаў, кажа Арцём Шапараў.

«$ 10 мільёнаў! Вы разумееце, колькі можна пенсіянерам за гэта даць, колькі мы можам даць ветэранам вайны. То бок замест банальнай паказухі, не вядома для каго, ён (Лукашэнка – дап. Рэд) марнуе грошы ўпустую. Па сутнасці 4,5 гады Лукашэнка трымае “ваенку” ва ўзмоцненым рэжыме, выдаткоўваючы пастаянна наш рэсурс. Мы пытаемся, чаму кошты такія высокія. А таму, што ваенным трэба есці, запраўляць танкі, самалёты і верталёты».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Парад 3 ліпеня ў Менску. крыніца: euroradio.fm

З 2020-га Мінабароны і міліцыя сапраўды не выходзілі з баявога рэжыму. Адныя за другімі вучэнні і часцей, чым калі-кольвек, атрыманне дзяржаўных узнагародаў. Чарговыя медалі ўчора і сёння раздавалі міністр абароны Віктар Хрэнін і вярхоўны галоўнакамандуючы.

«Сілавікі, як сапраўдныя атланты, трымаюць на сваіх плячах чыстае неба нашай краіны. І абавязкова ўтрымаюць!» – заявіў ён.

Любімае свята Лукашэнкі ўжо заўтра, вось толькі стаўленне да ўсяго, што адбывацца, далятае да сацыяльных сетак ад смелых менчукоў. Кіраўнікі дзяржаўных арганізацыяў заахвочваюць працаўнікоў да ўдзелу добраахвотна-прымусова ці нават прэміямі. «Наша Ніва» даведалася, што сталічны цэнтр «Маці і дзіця» выплаціць за яўку тры базавыя.

«Гэта ж “абавязалаўка” лукашэнкаўская. Мы ж ведаем, як людзі прыходзілі на канцэрты: чакалі пакуль паставяць галачку, што яны прыйшлі, і сыходзілі. Ужо даўно ў Менску сярод маіх сяброў гэтыя “святочныя” дні выкарыстоўваліся проста як выходны, калі можна паехаць на лецішча, на прыроду», – кажа сустваральнік Паспалітага рушэння, былы дэсантнік Сяржук Кедышка.

Пры гэтым вырвацца з Менску ў той выходны не так проста. У цэнтры гораду будуць перакрытыя дзясяткі вуліцаў, па якіх пройдзе шэсце беларускіх вайскоўцаў і гасцей з краінаў АДКБ і Кітаю. Былы дэсантнік Сяржук Кедышка адзначае:

«Хто хадзіў на тыя парады, я не ведаю. Такое ўражанне, што гэта было дзве розных Беларусі. Адная пад салютамі пʼяная танчыла. А другая працягвала жыць сваім жыццём насуперак гэтай дзяржаве».

Так было да падзеяў 2020-га і так ёсць цяпер. Адно ўжо без тых, хто не вызначыўся, і без публічных выказванняў жыхароў тае другое Беларусі, якая працягвае жыць насуперак рэжыму.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама