Агляд навінаў эканомікі: заробкі зніжаюцца, працаўнікоў менее, рынак працы ў стагнацыі

«Адмоўная дынаміка», «мы скарачаемся» – гэтак міністарка працы Ірына Касцевіч прызнае зніжэнне колькасці занятых у нашай эканоміцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта фактар дэмаграфічны і эканамічны. З улікам той негатыўнай санкцыйнай палітыкі, якая праходзіць цяпер у Беларусі, бізнес стаў актыўна аптымізаваць свае працэсы», – тлумачыць міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

За апошнія тры гады колькасць занятых паменшылася на больш як 150 000 чалавек. Для параўнання, за тры гады з 2017 працаўнікоў стала на 34 000 меней. Але цягам трох гадоў з 2014 занятых паменела на больш як 150 000. На трохгоддзе з 2017-га паўплывала пенсійная рэформа: павялічылі пенсійны ўзрост, таму адток працазанятых запаволіўся. То бок імклівае змяншэнне колькасці работнікаў – ужо тэндэнцыя для Беларусі.

«Гэта агульная стагнацыя беларускага рынку, адсутнасць пунктаў росту для з’яўлення новага бізнесу, гэта паступовае скарачэнне работнікаў у дзяржсектары», – называе прычыны эканаміст Аляксей Харкевіч.

Затое Міністэрства працы хваліцца лічбаю беспрацоўя. Яго ўзровень – 3,8 %. Але, паводле эксперта, гэты лік адлюстроўвае колькасць тых, хто шукае працу. А не кожны мае стымул рэгістравацца ў цэнтры занятасці, таму беспрацоўных у Беларусі насамрэч нашмат больш.

«Верагодна, тыя прапановы працаўладкавання, якія ёсць, яны непрывабныя. У іх, верагодна, ёсць нейкі альтэрнатыўны спосаб заробку. Можа, збор ягад, грыбоў у перыяд летні, асенні. Нейкія падпрацоўкі ў Расеі», – дапускае Аляксей Харкевіч.

Заробак з улікам інфляцыі ўпаў за год на больш як 3 %. Найперш праблемы – у сферы IT. Сярод тых, хто найбольш страціў у заробках, пасля айцішнікаў – вытворцы мэблі, працаўнікі сферы аховы здароўя, фармацэўты, гандаль і рамонт аўтаў. Старэйшая навуковая супрацоўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна тлумачыць:

«Прычына зніжэння прыбыткаў перш за ўсё звязаная са зніжэннем пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Тут яшчэ такі фактар граў ролю, як санкцыі».

Затое Нацбанк зменшыў стаўкі рэфінансавання, разам з чым апрацэнтаванне па крэдытах таксама меншае. За месяц стаўка для юрыдычных асобаў знізілася на 0,3 %, а для фізічных – усяго на 0,1 %. Прычына – замаруджванне інфляцыі.

«Што тычыцца кароткатэрміновай перспектывы, хутчэй за ўсё, гэтая палітыка працягнецца. Чаму? Таму што нават калі паглядзець прагнозы па інфляцыі, то ў кароткатэрміновай перспектыве яна будзе замаруджвацца. З іншага боку, наколькі гэта будзе эфектыўна ў доўгатэрміновай перспектыве? Абы гэта не стварыла інфляцыйныя рызыкі. Зыходзячы з гэтага, Цэнтральны банк, хутчэй за ўсё, будзе арыентавацца», – тлумачыць Настасся Лузгіна.

Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава пахваліла палітыку Нацбанку, бо, паводле яе, паніжэнне стаўкі рэфінансавання прыводзіць да ўмацавання нацыянальнай валюты, і долар нікому ў краіне не патрэбны, толькі ў паездках. Хаця насамрэч змяншэнне стаўкі зазвычай выклікае інфляцыю, якая акурат прыводзіць да патаннення беларускага рубля.

«Няма сёння неабходнасці бегчы ў абменнікі. Гэта адчулі нашыя людзі. Ну хто кажа пра тое, што ім не хапае долараў або еўраў? Усе думаюць пра тое, як зарабіць свой беларускі рубель», – радуецца старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава.

Тым часам сайт select.by паведамляе, што Нацыянальны банк занепакоены курсам долара. Ён пачынае стрымліваць яго рост за кошт паслаблення расейскага рубля.

Яна Шэк, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама