З 1 студзеня павышаецца сярэдняя заработная плата

Мінімальны заробак павялічаць, але грошай болей не стане. З 1-га студзеня 2024-га года мінімальную заработную плату павысяць на 72 рублі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мінімальная заработная плата сапраўды пераглядаецца ў Беларусі раз на год і гэты паказнік азначае, што працадаўца не мае права плаціць работніку менш за такую суму», – расказвае экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна.

Гэтак, у параўнанні з пачаткам 2023-га года мінімальны заробак з 554-ох рублёў павялічыцца да 626-ці. Рост склаў 13 адсоткаў, што, паводле Настассі Лузгіной, значна перавышае тэмпы інфляцыі.

«Гэты паказнік – яшчэ адзін фактар ​​таго, што сёння ў дзяржаве праводзіцца стымулюючая эканамічная палітыка, якая можа быць небяспечная перагрэвам эканомікі, а перагрэў эканомікі мае рызыкі паскарэнняў інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў», – заявіла Настасся Лузгіна.

Рост мінімальнай заработнай платы, які анансавалі ў Міністэрстве працы яшчэ ў лістападзе, заўважны толькі ў рублёвым выражэнні. У доларавым жа эквіваленце яна паменшыцца на адзінаццаць з паловаю адсоткаў – з 223-ох да 197-мі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

«Уладная эканамічная махіна працуе на тое, каб выпрацоўваць ілюзію для тэлевізара пра тое, што эканоміка працуе. Для таго, каб на паперы ўсё выглядала лепш», – заявіў эканаміст, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

У Рэспубліканскім банку вакансіяў прапановаў, роўных мінімальнаму заробку, не бракуе. За 554 рублі на месяц шукаюць кухараў, кіроўцаў ды іншых рабочых. А ў Гарадзенскай вобласці ў дашкольныя ўстановы шукаюць выхавальніка і кіраўніка фізічнага выхавання з вышэйшай адукацыяй з мінімальна дазволенаю заработнаю платаю. Каб пражыць за такія грошы, даводзіцца шукаць дадатковую працу.

«Часта тыя выхавацелькі з садкоў рэгіструюцца яшчэ як прыбіральніцы, каб атрымліваць падвойную мінімальную заработную плату», – дадаў Яраслаў Кот.

Згодна з заканадаўствам, памер мінімальнай заработнай платы мае быць не ніжэйшы за 30 адсоткаў намінальна налічанага сярэднямесячнага заробку па краіне. А ён, паводле Белстату, у кастрычніку склаў адну тысячу 971 рубель.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама