Каляндарная зіма толькі пачалася, але зімовае надвор’е жыхары Беларусі адчулі ўжо напоўніцу. Нягледзячы на тое, што чарговы магутны снежны цыклон пайшоў з краіны, снегапады не спыняюцца і сёння. Якіх яшчэ неспадзяванак ад надвор’я чакаць і як задбаць сваю бяспеку падчас галалёдзіцы ды маразоў?
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Снегавое покрыва таўшчынёю каля дваццаці пяці сантыметраў. А на поўначы краіны гурбы – нават да сарака сантыметраў. Пад цяжарам снегу абрынуўся дах прыватнага жылога дому ў Буда-Кашалёве. А галалёдзіца спрычынілася да аварыяў і проста нетыповых здарэнняў на дарозе. Гэтак, у Слонімскім раёне з’ехаў у кювет аўтобус з дзецьмі, пацярпелых, на шчасце, няма. Агулам па краіне працаўнікі МНС выцягнулі з заносаў дваццаць шэсць транспартных сродкаў.
Выглядае, снегапад стаў праблемай для камунальных ды дарожных службаў.
Кіраўніцтва Менскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі паведаміла, што на прыбіранні толькі дваровых тэрыторыяў задзейнічалі амаль дзве тысячы асобаў і сто пяцьдзясят адзінак тэхнікі. Але людзей усё роўна не хапае.
«Засыпае снегам так, што не паспяваем прыбіраць, Толькі пачысцілі ў суботу і зноў за ноч у нядзелю намяло», – распавядае прадстаўніца Жыллёва-эксплуатацыйнага ўпраўлення.
У выніку да прыбірання двароў далучыліся таварыствы ўласнікаў.
Камунальнікі заклікалі кіроўцаў прыбіраць снег не менш чым на метр вакол свайго аўта. А таксама нагадалі, што для жыхароў гораду адкрываюцца пункты выдачы шуфляў. І падобна на тое, што зіма адступаць не збіраецца. Паводле прагнозу сіноптыкаў, у бліжэйшыя дні па краіне да мінус 17.
Як жа пры такім надвор’і пазбегчы галалёдных траўмаў? Адказвае траўматолаг Аляксей Носаў:
«Калі хадзіць уткнуўшыся ў мабільнік, не глядзець на дарогу, то траўмаў не пазбегнуць, у любую пару года. Важна і каб абутак быў на пратэктары і пажадана, каб ён ахопліваў галенастоп».
На гэтым тыдні сіноптыкі прагназуюць павышаную вільготнасць. А гэта павялічвае рызыку абмаражэння, кажа Аляксей Носаў.
«Вельмі ўплывае на колькасць абмаражэнняў ужыванне алкаголю. Бо тады людзі неадэкватна ўспрымаюць ахаладжэнне свайго цела, ім падаецца, што горача, але канечнасці ўсё ж падмярзаюць. Нос, вушы – тыя часткі цела, якія на адкрытым паветры пераахалоджваюцца».
У сувязі з цяжкім становішчам на дарогах ДАІ абвясціла план «Надвор’е».
Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»