Перамога ЗСУ пад Бахмутам? ПВК Вагнэра сыходзіць

Яўгеній Прыгожын заявіў, што збіраецца перадаць пазіцыі ПВК Вагнэра пад Бахмутам падраздзяленням Мінабароны Расеі. Прычына – «снарадны голад».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вось гэтую заяву Прыгожын абнародаваў за некалькі гадзінаў да таго, як агучыў рашэнне пра адыход:

«У нас недахоп боепрыпасаў – 70 %. Шайгу, Герасімаў! Дзе, с…ка, боепрыпасы?»

З гэтай мапы Бахмуту мы бачым, якую частку гораду займаюць расейскія акупанты з ПВК Вагнэра і якую частку ўтрымліваюць абаронцы Украіны. Падпалкоўнік ЗСУ ў адстаўцы Мікола Саламаха мяркуе: калі Прыгожын і ягоныя людзі адступяць, гэта можа прывесці да прарыву фронту ў Бахмуце, таму не трэба бяздумна верыць заявам кіраўніка вагнэраўцаў:

«Неаднаразова Прыгожын заяўляў пра многія рэчы, якія потым не адбываліся. У той жа час Прыгожын, калі яму задаюць у лоб пытанне пра стаўленне да тых злачынстваў, якія ажыццяўляюць ягоныя падначаленыя, вельмі часта кажа, што гэтага не было».

Дагэтуль шмат пытанняў датычна атакі дронамі Крамля ўначы на 3 траўня. Ці стаяць за ёй украінскія вайскоўцы або гэта правакацыя ФСБ? Тым не менш, Крэмль працягвае вінаваціць Украіну і палохае наступствамі.

«Мы будзем адказваць не размовамі пра тое, casus belli гэта ці не, а будзем адказваць канкрэтнымі дзеяннямі», – заяўляе кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.

Якія гэта дзеянні – не ўдакладняецца, але абстрэлы ўкраінскіх гарадоў не спыняюцца ні на дзень. Як паведаміў партал «Defense Express», украінская паветраная абарона над Кіевам упершыню збіла гіпергукавую расейскую ракету. Вось фота абломкаў ракеты, яны сапраўды падобныя да Х-47 «Кінжал». Гэтую інфармацыю пацвярджаюць крыніцы «Белсату». Хоць спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат інфармацыю пра збіццё «Кінжала» зняпраўдзіў. Атакі ж з паветра будуць працягвацца, кажа палкоўнік ЗСУ ў запасе Раман Світан:

«Да любых атак расейскай ваеншчыны мы гатовыя, мы цудоўна разумеем, што першая задача любых атак – генацыд украінскага народу ў чыстым выглядзе. Таму расейцы могуць масава выкарыстаць па Украіне масаваную ракетную атаку».

Паводле Рамана Світана, расейскія войскі неўзабаве могуць зрабіць спробы атакаваць у ваколіцах Данецку, Мар’інкі, Аўдзееўкі, Бахмуту, Белагораўкі ды Крэмінной, але патэнцыялу акупантаў хопіць максімум на некалькі тыдняў. ЗСУ ж завяршаюць рыхтавацца да маштабнага наступу і падыходзяць да наступнага этапу – выведкі боем, кажа Мікола Саламаха:

«Для таго, каб заблытаць праціўніка, падмануць ягоныя чаканні і прамацаць, дзе ж ягоныя слабыя месцы, будзе нанесена некалькі, магчыма, нават да двух дзясяткаў удараў у розных кірунках».

Паводле эксперта, з кожным днём грунт робіцца ўсё больш прыдатным для таго, каб па ім змагла рухацца цяжкая гусенічная тэхніка. А таму дзень наступу Украіны імкліва набліжаецца.

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама