На чым факусуецца чарговая справаздача «Стан у галіне правоў чалавека ў Беларусі»?

Дзень народзінаў за кратамі чацвёрты раз сустракае палітвязень Дзяніс Івашын. Журналісту, які адбывае пакаранне ў жодзінскай турме, споўнілася 45 гадоў. Асудзілі нашага калегу на 13 гадоў і 1 месяц за нібыта здраду дзяржаве і незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Даволі даўно мы атрымлівалі ад яго лісты – гэта было 20 траўня. З таго часу ніводнага ліста, ніводнай паштоўкі. Мы вельмі хвалюемся, гэта вельмі не падобна на Дзяніса», – кажа жонка палітвязня Вольга Івашына.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у нашай краіне палітзняволенымі прызнаныя 1400 асобаў. Сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца на фоне таго, што краіна ўвайшла ў новы выбарчы цыкл, паведамляе адмысловая спавяшчальніца аб сітуацыі ў Беларусі Анаіс Марэн. Справаздача аб сітуацыі з правамі чалавека за перыяд з красавіка мінулага года да сакавіка цяперашняга гэтым разам факусуецца на агульных тэндэнцыях.

«Адмысловая спавяшчальніца больш шырокімі мазкамі распавядае пра крызіс, у якім цяпер грамадская супольнасць – беларуская. Мінулая справаздача і пазамінулая – яны больш былі сканцэнтраваныя на канкрэтных парушэннях правоў чалавека», – кажа юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва.

У сёлетняй справаздачы асвятляецца, як беларусаў рэпрэсуюць унутры краіны і за яе межамі. Між іншага спавяшчальніца надае ўвагу праву на свабоду асацыяцыяў і паказвае мэтанакіраванае знішчэнне незалежных арганізацыяў.

«Урад Беларусі выгадоўвае ўласную “грамадзянскую супольнасць”, фінансуючы лаяльныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, прасоўваючы іх вобраз у кантраляваных дзяржаваю медыях і павялічваючы колькасць іх чальцоў. Незалежныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, наадварот, робяцца нябачнымі ў публічнай сферы, а іх чальцы сутыкаюцца з рознымі формамі пераследу», – гаворыцца ў справаздачы «Стан у галіне правоў чалавека ў Беларусі».

Яшчэ адзін істотны аспект справаздачы – асабліва жорсткае абыходжанне з палітычнымі зняволенымі, неналежнае або нясвоечасовае медычнае абслугоўванне:

«Адмысловая спавяшчальніца атрымала шматлікія паведамленні пра адмову ў надаванні адэкватнай медычнай дапамогі і догляду ў турмах і папраўчых калоніях, у тым ліку ў выпадку небяспечных для жыцця і невылечных захворванняў, а таксама пра недастатковую ўвагу да асабістай уразлівасці зняволеных, напрыклад, сталага веку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жодзінская турма № 8. Крыніца: spring96.org

Але справаздача Анаіс Марэн не адлюстроўвае рэчаіснасці, мяркуе прадстаўнік руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. І не толькі таму, што інфармацыі з Беларусі паступае ўсё менш:

«Тыя падыходы, якія ёсць у праваабаронцаў і так званых дэмакратычных сілаў, не ўпісваюцца ў рэаліі тэрору і рэпрэсіяў, якія ёсць у Беларусі».

Сярод паўтара дзясятка рэкамендацыяў ураду Беларусі – пачаць расследаванне ўсіх выпадкаў смерці ў зняволенні, спыніць жорсткае абыходжанне з вязнямі і расследаваць падобныя выпадкі. Неабходна, на думку Анаіс Марэн, таксама адмяніць шэраг законаў і ўказаў, датычных палітычна матываванага пераследу і ціску на палітычных вязняў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама