Забітыя ў Харкаве: расейцы атакуюць цывільную інфраструктуру

«Малодшага сына дастаў, жонку дастаў. Там засталіся мама і старэйшы сын дзесяці гадоў. Цяпер хлопцы спрабуюць дастаць іх», – кажа Алег Бычко, жыхар разбуранага дому ў Харкаве, куды раніцаю трапіла расейская ракета.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падчас гэтага каментара мужчына яшчэ не ведаў, што выратаваць 10-гадовага сына і маці не ўдалося. Ратавальнікі працягваюць разбор завалаў. Лічба пацярпелых – каля трох дзясяткаў.

Расейцы ўдарылі па Харкаве дзвюма балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М», распавёў кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сынегубаў. Адна з ракетаў трапіла ў праезную частку дарогі, другая – у трохпавярховы жылы дом. Ён разбураны. Выбухі прагрымелі да таго, як прагучалі сігналы паветранай трывогі, таму людзі не мелі магчымасці пайсці ў сховішчы. Агулам загінулі дзве асобы, яшчэ блізу трох дзясяткаў параненыя.

«Я жыву на другім паверсе, на мяне ўсё звалілася з трэцяга, – не хавае эмоцыяў жыхарка разбуранага дому Яўгенія Дымчанка. – Мяне ратавальнікі па лесвіцы выцягнулі з акна. Я толькі папрасіла хоць туфлі надзець і торбу з дакументамі ўзяць».

У чацвер, напярэдадні ўдару па Харкаве, расейцы атакавалі кавярню ў вёсцы Гроза, што на ўсходзе Харкаўскай вобласці. Там сабраліся мясцовыя жыхары, каб памянуць загінулага на фронце земляка. У выніку трапляння ракеты «Іскандэр» у будынак загінулі 52 асобы. Цяпер у Харкаўскай вобласці абвешчаная трохдзённая жалоба.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Артылерыйскі абстрэл гораду Харкава. Харкаў, Украіна. 30 жніўня 2022 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«У гэтай вёсцы, па якой ударылі расейцы, да вайны жылі 500 жыхароў. За час вайны людзі выязджалі. Гэта Купянскі раён, адзін з тых кірункаў, дзе асабліва жорстка на фронце. Станам на сёння ў вёсцы было трохі больш за 300 асобаў. Больш за 50 забітых на 300 жыхароў. Гэта жорсткая агрэсія Расеі. Няма словаў ці папераў, якія ў стане спыніць гэткае зло», – кажа прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

На думку вайсковага аналітыка Івана Ступака, атакаванне расейцамі аб’ектаў жылой інфраструктуры – гэта свядомая тактыка. І Масква мае намер яе працягнуць.

«Я называю гэта тэрорам, і ён працягнецца. Галоўная мэта – прымусіць украінскі ўрад сесці за стол перамоваў з Расеяй, – мяркуе Іван Ступак. – Асабліва гэта будзе распаўсюджана ў бліжэйшыя чатыры-пяць месяцаў, у халодны перыяд. Яны будуць актыўна знішчаць усю інфраструктуру».

Украіна і яе саюзнікі маюць намер не дапусціць гэткага развіцця падзеяў. Уладзімір Зяленскі падзяліўся вынікамі саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Ён падзякаваў шэрагу краінаў Еўропы, а таксама праанансаваў выдзяленне Кіеву большай колькасці сістэмаў супрацьпаветранай абароны, артылерыі ды зброі дальняга дзеяння.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама