Начны абстрэл Харкаўшчыны: аднагочалавека забілі, прынамсі 13 – параненыя

Украіну працягвае абстрэльваць Расея. Мінулай ноччу пад абстрэл трапілі 16 населеных пунктаў Харкаўскай вобласці ўлучна з Харкавам, дзе дзве ракеты трапілі ў гатэль. З трыццаці пастаяльцаў гатэлю пацярпелі 11, дваіх з іх шпіталізавалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я лічу што гэты ўдар Расейская Федэрацыя здзейсніла менавіта па сродках масавай інфармацыі, бо пераважна гэты гатэль выкарыстоўвалі прадстаўнікі медыяў», – кажа начальнік галоўнага ўпраўлення паліцыі ў Харкаўскай вобласці Уладзімір Тымошка.

Паводле звестак ААН, ва Украіне з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання задакументавана ўжо больш за 10 200 смерцяў мірных жыхароў. Больш як 19 300 чалавек атрымалі раненні.

Расейцы ўжо адчуваюць наступствы захопніцкай вайны, і яе падтрыманне сярод насельніцтва не расце, заявіў Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі ў Талліне. Крэмль мае недахоп дронаў і артылерыі.

«Мы бачым, як гэты дэфіцыт уплывае на іхную стойкасць на полі бою. Даць паўзу? Рызыкнуць, даць два-тры гады Расейскай Федэрацыі? Ну, потым яна можа пераехаць нас. Мы б так не рызыкавалі. І дзякуй богу, што ўсё гэта вырашаецца ва Украін. Таму паўзаў на карысць Расеі дакладна не будзе», – адзначыў Уладзімір Зяленскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына з дзіцёнкам ідзе побач з разбураным будынкам. Ізюм, Харкаўская вобласць, Украіна. 15 кастрычніка 2022 года. Фота: Белсат

Зноў падкрэсліў прэзідэнт і гатовасць сваёй краіны ды арміі далучыцца да NATO. Удзел у Альянсе, паводле яго, даў бы гарантыі бяспекі не толькі Украіне, але і дзяржавам Балтыі і Польшчы, а таксама, «магчымасць думаць пра іншую будучыню для Беларусі».

У самой жа Украіне Вярхоўная Рада вярнула на дапрацоўванне спрэчны закон пра мабілізацыю. Паводле кіраўніка фракцыі «Слуга народа» Давіда Арахаміі, які ўдзельнічаў у закрытым абмеркаванні праекту, некаторыя палажэнні закону парушаюць правы чалавека, іншыя – недакладна сфармуляваныя ці маюць карупцыйныя рызыкі. Пры гэтым усе палітычныя сілы разумеюць і падтрымоўваюць неабходнасць мабілізацыі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама