Новыя падаткі: хто разжывецца, а каму «лапу смактаць»

У гару: падаткі на нерухомасць, на прыбытак і прадпрымальніцкую дзейнасць. На першую кватэру, бо з такім багаццем на другую спрабуй зарабі. Новы Падатковы кодэкс пасля доўгіх абмеркаванняў апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Падабаецца ці не – працуй і адлічвай падаткі. Бо калі не працуеш – занясуць у спіс так званых дармаедаў – з абавязкам плаціць і за адсутнасці працы. Распавядаем пра змены, якія не для ўсіх да лепшага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Інфляцыя 18 %, але не толькі яна з новага году будзе гнаць цэны ўгору. Лукашэнкаўскія чыноўнікі ўзмацнілі падатковы цяжар на амаль усе віды дзейнасці, якія прыносяць прыбытак фізічным і юрыдычным асобам, рамеснікам, фрылансерам.

«Трэба памятаць, што ў нас няма дзяржавы. У нас “дзяржава” – гэта Лукашэнка і яго клан. Яны хочуць грошы непасрэдна сабе ў цэнтр. А мясцовыя бюджэты могуць смактаць лапу. Гэта абядняе інфраструктуру», – кажа бізнесовец Яраслаў Кот.

Падаткі, якія Менск вывеў з мясцовых бюджэтаў, таму чыноўнікам у рэгіёнах давядзецца неяк дабіраць. Напрыклад, працягнецца спагнанне мясцовага збору за перасячэнне мяжы транспартнымі сродкамі.

Сярод асноўных зменаў – стаўкі падатку на прыбытак (ці на прафесійны даход) для юрыдычных асобаў выраслі з 18 % да 20 %. Для індывідуальных прадпрымальнікаў ён будзе складаць ужо не 16 %, а 20 %. У якасці альтэрнатывы дзяржава прапаноўвае дробным прадпрымальнікам пераходзіць на самазанятасць, звальняючы працаўнікоў. Ці – расці ва ўнітарнае прадпрыемства. Пры гэтым не вядома, якія віды дзейнасці трапяць пад новы падатак на прафесійны даход.

«Атрымліваем, што чалавек мусіць ці вымушаны зрабіцца самазанятым, але ў гэтым выпадку ён не мае права нікога наймаць. Ці адкрываць кампанію нейкую. Калі чалавек адкрывае кампанію, гэта накладае на яго нашмат больш абавязкаў. І ў плане падаткаабкладання (трэба весці бухгалтэрыю больш складаную). Там узнікае шэраг момантаў, якія стымулююць рост выдаткаў і патрабуюць ведаў», – кажа Анастасія Лузгіна.

Экспертка падкрэслівае, што момант для пераходу на іншыя віды гаспадарчай дзейнасці – неадпаведны. Эканоміка не расце, а звужаецца, падаюць даходы ад экспарту. У бюджэце – дзірка, якую дзяржава імкнецца закрыць у тым ліку праз новае падаткаабкладанне.

«З аднаго боку гэта рызыкі, а з іншага боку – гэта, безумоўна, страты. Страты для тых жа ІП, з улікам нават ужо існуючых нормаў. Узгадаем тое ж рэгуляванне коштаў, якое балюча ўдарыла па тых жа індывідуальных прадпрымальніках», – нагадала Анастасія Лузгіна.

Яшчэ адная з альтэрнатываў падатку на прафесійны даход – адзіны падатак, павялічыцца нават у 2-3 разы, а спіс відаў дзейнасці для гэтага падатку – звузіцца.

«То бок у нас да якой столі падатак 10 %? Да Br 60 тысяч – з юрыдычнымі асобамі. З фізічнымі асобамі – няма абмежаванняў. (…) Гэта ніжэй чым падатак на прыбыткі. Таму ўсё справядліва. Стары ваш рэкламны слоган “заплаці падаткі і спі спакойна” не губляе сваёй актуальнасці», – разважаў напярэдадні назначаны Лукашэнкам прэм’ер-міністр Галоўчанка.

Падаткі растуць на фоне падзення даходаў насельніцтва. «Рэжым папросту забяспечвае паступленні ў бюджэт на ўтрыманне свайго апарату і сілавых структур, якія гарантуюць захаванне ўлады – кажа Яраслаў Кот з «Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой»:

«Яны маюць плаціць ім больш, бо цяпер найбольш небяспечны момант. Пад час вайны лаяльнасць каштуе даражэй. Ва ўсе часы такое было: лаяльнасць калі не ў сэрцы і не ў галовах, то тады яна мусіць быць у грошах».

Новы Падатковы Кодэкс перакрэсліў шэраг гарантаваных раней ільготаў. Гэтак, падатак для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў яшчэ два гады будзе складаць 13 % замест абяцаных раней ПВТ 9 %. Аператары мабільнай сувязі таксама цягам гэтага часу будуць плаціць павышаны да 30% падатак на прыбытак.

Некаторыя змены ў новым кодэксе ствараюць цяжкія ўмовы для адкрытай легальнай працы працы – рэзюмуе Анастасія Лузгіна:

«Падаткі плаціць трэба, але зноў жа – з боку дзяржавы трэба ствараць камфортныя ўмовы для работы, каб не заганяць людзей у кут, калі ад безвыходнасці некаторыя пачынаюць ствараць новыя схемы, каб знізіць сваю падатковую нагрузку».

Улады таксама павысілі стаўкі зямельнага падатку і ўводзяць падатковыя змены для асобаў, якія трапілі ў базу так званых «дармаедаў» ці зʼехаў за мяжу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама