ISW: расейскія войскі захапілі ачышчальныя збудаванні Аўдзееўкі

Расейскія вайскоўцы прасунуліся пад Аўдзееўкай. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны. Апублікаваныя напярэдадні геалакацыйныя здымкі сведчаць, што расейскія войскі наблізіліся да ачышчальных збудаванняў за 5 кіламетраў на паўночны захад ад гораду. Паводле звестак аналітыкаў, акупацыйныя войскі атрымалі загад захапіць Аўдзееўку і Купянск да прэзідэнцкіх выбараў у Расеі. Пра сітуацыю ў самай гарачай кропцы расейска-ўкраІнскага фронту ў эксклюзіўным інтэрв’ю распавёў «Белсату» вайсковец 47-й брыгады ЗСУ Ігар Крываручка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер у нас такі гібрыд пазіцыйнай і манеўранай вайны. Адносна таго, што адбываецца на нашых рубяжах абароны, то кожныя тры-чатыры дні вораг спрабуе магутна наступаць з ужываннем бранятэхнікі, кожны дзень надыходзіць пяхота. Але казаць пра нейкую крытычную сітуацыю не варта. Улічваючы колькасць задзейнічанага расейскім войскам чалавечага і тэхнічнага рэсурсу, іх прасоўванне ў прынцыпе нязначнае. Цяпер фактычна ўжо два месяцы ідуць баі за Аўдзееўку. Памятаеце двухмесячнай даўніны прагнозы, што вось-вось нас возьмуць у кола, катастрафічная сітуацыя і ўсё ў гэтым духу?

Але на практыцы гэта выглядае так, што нашае падраздзяленне пад Аўдзееўкай крыху больш за месяц, з нуля рукамі пяхоты ў нас накапаныя дзве лініі абароны, і трэцяя лінія абароны ўжо будуецца з дапамогаю тэхнікі. Таму на нашым участку, я спадзяюся, ніякіх катастрофаў і нечаканасцяў не будзе. Частка шляхоў паставак у Аўдзееўку застаецца ў зоне дасяжнасці расейскай артылерыі. Гэта стварае пэўныя нязручнасці. Яны вымушаюць нас уносіць пэўныя карэктывы, але пры гэтым магчымасць паўнацэннага забеспячэння гораду поўнасцю захоўваецца. Казаць аб поўным узяцці нейкага ўчастку аднаго са шляхоў паставак або цалкам усіх шляхоў паставак не выпадае. Што да прамзоны… Прамзона – гэта дастаткова вялікая тэрыторыя. Там вялізная колькасць наземных і падземных збудаванняў. Там засяроджаная дастатковая колькасць падрыхтаваных украінскіх вайскоўцаў. Калі нам за гэты час ужо ўдалося пабудаваць дзве лініі абароны, бо пяхота працавала без адпачынку, упэўнены, што сітуацыя ў прамзоне, улічваючы, якое ключавое значэнне яна мае… я ўпэўнены, адбываецца тое ж самае.

Улічваючы тое, што цяпер расейскае войска спальвае ў штурмах кантрактнікаў этнічнай прыналежнасці «расейцы», гэта сведчыць аб тым, што ў іх пачынаецца кадравы голад. Да гэтага мы бачылі, што на штурмы ідуць у асноўным або нацменшасці, або вязні, або маргіналы. Гэта значыць, тыя, ад каго расейская ўлада спрабавала пазбавіцца. А цяпер мы бачым, што ў расход, на спальванне ідуць беспасярэдне расейскія прафесійныя кантрактныя войскі этнічнага праходжання «расейцы». Салдатаў з крывымі дуламі аўтаматаў і, як любяць расказваць у нашых медыях, бяздомнікаў і гэтак далей дакладна не назіраецца. Узбраенне новае, боекамплекту шмат, апранутыя цёпла.

Адзіная адметная рыса ў іх – поўная адсутнасць рацыяў. Я думаю, гэта робіцца з тою мэтаю, каб гэтыя рацыі не трапілі ў нашыя рукі. Таму што працягласць жыцця расейскага штурмавіка нядоўгая. Артылерыі ў іх застаецца шмат. Яны маюць магчымасць працаваць і па актуальных першачарговых цэлях, і ў тым ліку рабіць планавыя прастрэлы. Застаецца ў іх шмат ССГ, яны вельмі масава іх выкарыстоўваюць супраць пяхоты. Працуюць вельмі шмат дыстанцыйна з танкаў», – распавёў вайсковец 47-й брыгады ЗСУ Ігар Крываручка.

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама