Дзень Канстытуцыі і наступ Украіны

Стала вядома пра чарговыя поспехі ў наступе: збройныя сілы паднялі ўкраінскі сцяг на Курдзюмаўскай дамбе, што на поўдзень ад Бахмуту. Ёсць прасоўванне і на поўдні. Паводле міністра абароны Вялікай Брытаніі, за час летняй кампаніі ЗСУ вызвалілі прыкладна 300 квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі. Міністр абароны Украіны Рэзнікаў у сваю чаргу паведаміў, што ўзброеныя тэхнікаю NATO рэзервы нават яшчэ не быў задзеяныя ў наступе, галоўныя ж поспехі – наперадзе. Для іх дасягнення, аднак, можа прайсці працяглы час.

«Для наступу неабходная авіяцыя, неабходныя боепрыпасы, сродкі СПА – цяпер, таму і ў тэрміновым парадку цэлы шэраг пазіцыяў нашыя партнёры і спрабуюць выправіць у сваіх пастаўках», – мяркуе кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру глабальных даследаванняў Паўло Лакійчук.

Толькі за апошнія два тыдні саюзнікі аб’явілі пра новыя пастаўкі ўзбраення Украіне. Тут і два супрацьпаветраныя комплексы «NASAMS» ад Літвы, тысячы кулямётаў і мільёны боепрыпасаў ад Польшчы, дзясяткі бронетранспарцёраў М-113 і 105-ціміліметровыя гаўбіцы ад Аўстраліі, Партугаліі ды Бельгіі, дадатковыя зеніткі «Гепард» і ЗРК «Айрыс-Ты» ад Нямеччыны.

Дапамога больш як на мільярд долараў ад ЗША і Вялікай Брытаніі. Адным з асноўных фактараў поспеху на фронце вайсковыя эксперты называюць магчымую перадачу Украіне баявых самалётаў F-16. Адметна: спікер паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат зняпраўдзіў ранейшыя заявы пра тое, што навучанне ўкраінскіх лётчыкаў ужо пачалося. Не ўсё так адназначна.

«Нават на момант, калі на тэрыторыі Украіны ўжо будуць падрыхтаваныя F-16, падрыхтаваныя лётчыкі, каманды тэхнікаў – усё роўна нейкі элемент адмаўлення будзе. Нашыя афіцыйныя структуры будуць заяўляць, што падрыхтоўка яшчэ ідзе, і гэта будзе правільным крокам з іхнага боку», – выказвае думку вайсковы эксперт Іван Кірычэўскі.

Словы эксперта пацвярджае і той факт, што большасць расейскіх ракетных удараў цягам чэрвеня была скіраваная па аэрадромнай інфраструктуры Украіны. Але заўважных поспехаў на фронце расейскія войскі не маюць. Затое працягваюць абстрэльваць цывільныя абʼекты.

Ахвярамі ўчорашняй атакі на кавярню ў Краматорску сталіся больш за 10 чалавек, сярод іх – падлеткі 14-ці і 17-ці гадоў. Больш за шэсцьдзесят чалавек параненыя.

«Крамянчуг узгадайце год таму, і роўна праз год яны запускаюць такую ж ракету. Якая мэта гэтага? Нічога акрамя дэманстрацыі, нагадвання бандыцкага, ведаеце, вось такога», – кажа Паўло Лакійчук.

«Максімум, што расейцам удавалася падчас зімняй кампаніі ўдараў па энергетыцы, ведаеце, укідваць дробныя супярэчнасці на ўзроўні – а чаму ў суседнім доме святло гарыць, а ў мяне не гарыць. А давайце зробім так, каб святло адключалі паўсюль», – дадае Іван Кірычэўскі.

Што датычыць стану і падрыхтаванасці ўкраінскіх рэзерваў, тут сітуацыя нашмат лепшая, чымся летась, сыходзяцца ў меркаванні эксперты. Жаўнеры матываваныя. Большасць з іх паспявае да свайго трапляння на фронт інтэнсіўна падрыхтавацца за мяжою, навучыцца карыстацца заходняю тэхнікаю.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама