Змена стратэгіі войскаў ЗСУ на фронце?

Згодна выданню «Білд», для ўкраінскіх вайскоўцаў вяртанне акупаваных тэрыторыяў проста цяпер не ёсць галоўным прыярытэтам. Надзвычай важнае знішчэнне як мага большай колькасці расейскіх салдатаў. З гэтаю мэтаю ваяры ЗСУ кантралявана і з боем адступаюць – сцвярджаюць журналісты «Білд».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Знішчэнне збройнымі сіламі Украіны максімальнай колькасці расейскіх войскаў і тэхнікі – такая мэта была і раней. Я магу вас запэўніць, што ўсе дзеянні, якія будуць адбывацца адносна манеўраў вайсковых сілаў – гэта дакладна прадуманыя парадкі, якія ніяк не азначаюць здачы тэрыторыі. Адступленне і манеўр – гэта розныя катэгорыі», – сцвярджае кіраўнік Цэнтру грамадскай аналітыкі «Вежа» Валерый Клачок.

Між тым сітуацыя з дастаўкаю на фронт заходняга ўзбраення ды вайсковай тэхнікі для ЗСУ выглядае няпэўна. Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША пайшла на калядныя канікулы, не зацвердзіўшы пакету дапамогі Украіне на шэсцьдзесят адзін мільярд долараў.

«Праблема ў тым, што ўсе гэтыя бюракратычныя працэдуры адцягваюць дастаўку дапамогі. Плюс, калі грошы будуць выдзеленыя – гэта не значыць што ва ў Украіну адразу паедуць танкі, ракеты, яшчэ нешта. Пройдзе яшчэ нейкі час», – мяркуе вайсковы аналітык Ян Матвееў.

Кіраўнік Цэнтру грамадскай аналітыкі «Вежа» Валерый Клачок зазначае, што супрацьстаянне рэспубліканцаў і дэмакратаў у Кангрэсе наконт закону аб бяспецы мяжы ЗША і Мексікі, фармуе палітыку Вашынгтону наконт вылучэння вайсковай дапамогі. Прычым не толькі Украіне, але таксама Ізраілю і Тайваню. Зрэшты, ёсць спадзеў на прыспешванне гэтага працэсу. Бо Сенат – верхняя палата, на канікулы не пайшоў.

«Адбылася сустрэча Уладзіміра Зяленскага з Джозэфам Байдэнам, пасля якой Байдэн сказаў, што гатовы ісці на саступкі рэспубліканцам у пытанні ўхвалення новай рэдакцыі закону, які будзе дэбатавацца з панядзелка ў Сенаце, – дадае Клачок. – Пасля чаго проста чальцоў кангрэсу Палаты прадстаўнікоў выклічуць у Вашынгтон, каб яны прагаласавалі. У мяне няма сумневаў, што гэта адбудзецца да Раства – 25 снежня».

Між тым Інстытут вывучэння вайны ў сваім чарговым аглядзе прыводзіць магчымыя доўгатэрміновыя наступствы спынення аказання вайсковай дапамогі Украіне:

«Раптоўнае спыненне заходняй дапамогі, відаць, рана ці позна прывядзе да краху здольнасці Украіны стрымліваць расейскую армію. Пры такім раскладзе расейскія войскі могуць прасунуцца ажно да заходняй украінскай мяжы і стварыць новыя вайсковыя базы на межах Польшчы, Славаччыны, Вугоршчыны і Румыніі».

У такім выпадку, робяць выснову аглядальнікі, ЗША ды іншым краінам НАТО давядзецца перамясціць мноства жаўнераў на ўсходнія межы Альянсу ў Еўропе. А да таго ж – трымаць тут значную колькасць самалётаў-няўгледак. Гэта ў сваю чаргу можа паўплываць на магчымасць ЗША абараніць Тайвань у выпадку магчымай агрэсіі Кітаю.

«Кошт гэтых абарончых захадаў быў бы астранамічны і, відаць, суправаджаўся б перыядам вельмі высокай рызыкі, калі б амерыканскія сілы не былі належным чынам падрыхтаваныя або настроеныя супрацьстаяць ні Расеі, ні Кітаю, не кажучы ўжо пра абедзве гэтыя краіны разам», – мяркуюць аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны.

Відаць, рызыку такога кроку разумеюць і ў Кіеве. Міністр абароны Рустэм Умераў падчас супольнай брытанска-ўкраінскай канферэнцыі абароннай прамысловасці заявіў пра захады для лакалізацыі вытворчасці заходняй зброі на ўласнай тэрыторыі. А Уладзімір Зяленскі анансаваў працяг дыпламатычных намаганняў для аднаўлення паставак заходняй зброі на фронт.

Ян Федаровіч, Белсат

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама