Распачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне

Уступная кампанія афіцыйна стартавала. Распачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне, і разам з ім – на Цэнтралізаваныя іспыты. А напярэдадні кожны ўніверсітэт атрымаў звесткі пра колькасць навучальных месцаў. Набор павялічылі на спецыяльнасці, у якіх на рынку працы кадравы голад. Ці зможа сістэма ўтрымаць вывучаных ці выдасць дыпломы на экспарт.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цэнтралізаваныя іспыты прыйшлі на змену выпускным. Сёлетнія выпускнікі 11-ці класаў будуць здаваць толькі два прадметы: гэта беларуская або расейская мова і прадмет на выбар. Дадатковыя тры прадметы можна здаць на тэставанні. Хто выпускаўся са школы ў мінулыя гады – будзе здаваць толькі Цэнтралізаваныя тэсты.

Электронная сістэма рэгістрацыі на тэставанне, створаная для замежнікаў, сёння не працуе.

Першымі абітурыенты будуць здаваць мовы.

«Я – чалавек, які 20 гадоў таму скончыў школу, магу напісаць матэматыку на добры бал. Што датычыць майго прадмету, а я выкладаю расейскую мову, то мне нашыя тэсты падабаюцца. Думаю, што яны ўвогуле зараз прынялі той выгляд, які павінен быць», – кажа Ганна Саламонава, рэпетытарка і настаўніца з Гомля.

З тэстаў прыбралі складаныя алімпіядныя і пазапраграмныя факультатыўныя пытанні, што, безумоўна, спросціць маладым людзям падрыхтоўку і дапаможа іхным бацькам ашчадзіць на рэпетытарах. У выніку навучэнец атрымае сертыфікат па 100-бальнай сістэме адзнак.

У сёлетняй уступнай кампаніі ёсць і контраверсійныя новаўвядзенні, сярод якіх набор на мэтавую падрыхтоўку. У Гарадзенскім медуніверсітэце розніцу тлумачаць так:

«Розніца толькі ў тым, што тэрміны абавязковай адпрацоўкі для тых, хто канчае мэтавую падрыхтоўку – 5 гадоў, а для бюджэтнікаў – 2 гады. Для некага гэта плюсы, для іншых – мінусы. На мой погляд, плюсам мэтавай падрыхтоўкі ёсць, што вы будзеце замацаваныя за пэўнай вобласцю. Тут няма канкрэтнага рэгламенту па якой спецыяльнасці».

Мэтавы набор – рэцэпт Мінадукацыі на заклейванне кадравых прабелаў на рынку працы.

Сёлета ў сярэдзіне красавіка эканоміцы Беларусі не ставала 109 тысяч работнікаў. Гэта на 6 тыс больш, чымся ў лютым гэтага году.

Колькасць месцаў на дэфіцытныя спецыяльнасці пашырылі, каб забяспечыць краіну, уласна, лекарамі, якіх крытычна не стае, настаўнікамі, інжынерамі. Прынцып: мы вам – лягчэйшыя ўмовы на паступленне, вы нам – гарантыі адпрацоўвання на радзіме ці заплаціце за навучанне.

«Для медыкаў увогуле крытычна мець магчымасць стажыравацца ў розных інстытуцыях, мець разнастайны досвед. Але вось такая рабская прывязка да аднаго месца сведчыць толькі пра тое, што ў нас за дзяржава», – кажа дарадца Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

У сітуацыі, калі чыноўнікі не могуць уплываць на палітычную сістэму, але маюць заданне ратаваць эканоміку, можа і неблагі план?

«Колькі б яны не набіралі, але не ідуць у такой колькасці маладыя людзі. Або ідуць, але ўжо ведаюць, што яны тут атрымаюць дыплом, які ім будзе патрэбны ў іншай краіне», – лічыць Ганна Саламонава.

Больш чым 800 абітурыентаў сёлета залічаць у ВНУ – пасля перамогаў у алімпіядах, якія праводзілі рэгіянальныя ўніверсітэты.

На час студэнцтва ў вышэйшых навучальных установах пакуль што гарантаваная адтэрміноўка ад службы ў войску. Але напярэдадні Дзяржсакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч прапанаваў вярнуцца да савецкай практыкі прызыву студэнтаў у войска пасля 1-га курсу навучання ў ВНУ. За часамі студэнцтва прафесаркі Віленскага ЕГУ Таццяны Шчытцовай такая практыка была:

«Гэта вельмі замінае маладым хлопцам атрымаць добрую адукацыю. Праз разрыў у працэсе навучання. То бок гэта перашкоды персанальна для гэтых маладых людзей».

Таццяна лічыць, што пад час вайны, у якой саўдзельнічае Беларусь, нават пагроза ўвядзення такіх зменаў змусіла многія сем’і шукаць навучальных установаў па-за Беларуссю.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама