Ці пачаўся ўкраінскі контрнаступ?

«З мэтаю павышэння ўстойлівасці абароны». Гэтак у Крамлі афіцыйна тлумачаць адступленне расейскіх войскаў у ваколіцах Бахмуту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На салядарскім тактычным кірунку праціўнік учора правёў наступальныя дзеянні на ўсёй лініі баявога сутыкнення бакоў, працягласцю больш як 95 кіламетраў. На малаільінаўскім кірунку з мэтаю павышэння ўстойлівасці абароны падраздзяленнямі Паўднёвай групоўкі расейскіх войскаў заняты рубеж з улікам выгадных умоваў Бэрхаўскага вадасховішча», – справаздачыцца афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі Ігар Канашэнкаў.

Бэрхаўскае вадасховішча месціцца на паўночным захадзе ад Бахмуту – пункту, які ўжо доўгі час спрабуе ўзяць ПВК Вагнэра. Кіраўнік гэтай арганізацыі Яўгеній Прыгожын назваў адступленне войскаў “уцёкамі” і абвінаваціў у гэтым рэгулярную расейскую армію:

«Тыя тэрыторыі, якія крывёю і жыццямі нашых баявых таварышаў мы забіралі шмат месяцаў, сёння без бою пакідаюць тыя, хто павінен утрымліваць нашыя флангі».

Вайсковы аглядальнік Уладзіслаў Селязнёў кажа, што сітуацыя для вагнэраўцаў склалася неадназначная:

«З аднаго боку яны маюць перавагу і няхай павольна, але спрабуюць рухацца наперад. А з іншага боку, яны самі могуць апынуцца ў акружэнні, таму што ўкраінскія войскі рухаюцца як на поўнач ад Бахмуту, так і на поўдзень, расціскаючы абцугі на гэтым участку фронту».

Панічныя ноткі, звязаныя з паспяховымі атакамі ЗСУ, гучаць у заявах гэтак званых ваенных карэспандэнтаў.

Акрамя Бахмуту, яны звяртаюць увагу таксама на паўночны кірунак дзеянняў.

«Контрнаступ Кіева пачаўся, – упэўнены расейскі ваенны «карэспандэнт» Аляксандр Коц. – Танкі ЗСУ ідуць з аб’ездам Харкава ў бок мяжы з Расеяй. Гэта значыць, Кіеў паралельна пачатку наступальных дзеянняў па флангах Бахмуту пастанавіў абвастрыць абставіны і ўздоўж паўночнага фронту».

Украінскі бок гэтага ніяк не каментуе. Між тым, Уладзімір Зяленскі сабраў паседжанне Стаўкі, на якім заслухаў даклады пра сітуацыю на фронце. У тым ліку – ад галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага, міністра абароны Аляксея Рэзнікава. Але, на думку Уладзіслава Селязнёва, пра пачатак контрнаступу свет даведаецца постфактум. Пакуль жа мы назіраем гэтак званую тактыку “жабіных скокаў”.

«Што такое тактыка “жабіных скокаў”? Спачатку – інтэнсіўная баявая праца па варожых пазіцыях з мэтай іх максімальнага аслаблення, спусташэння ваенных рэсурсаў. Далей – імклівы контрнаступ, замацаванне на новых рубяжах і пазіцыях, падцягванне адпаведных сродкаў, артылерыі, танкаў. І працяг гэтага ж працэсу – знішчэнне варожых пазіцыяў», – кажа Уладзіслаў Селязнёў.

На думку эксперта, цяпер розныя ўчасткі фронту якраз і адпрацоўваюцца ўкраінскімі артылерыстамі. Што да вялікага контрнаступу, паводле сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксея Данілава, іх можа быць нават некалькі. Бо мэта ЗСУ – вызваліць усе акупаваныя тэрыторыі Украіны.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама