ЗСУ вызвалілі частку тэрыторыі, што з 2014 года была пад расейскай акупацыяй

Верхавод ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын працягвае рэзка крытыкаваць Міністэрства абароны Расеі. Шайгу ды ягоныя падначаленыя хлусяць, а расейскае войска адступае на Запарожскім і Херсонскім напрамках.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Па-ранейшаму істэрыкі, у якіх начальнік генштабу пасля шклянкі гарэлкі вешчае, як баба базарная, як свіння, у тэлефон, патрабуючы вярнуць пазіцыі», – кажа Прыгожын.

Апроч гэтага, Прыгожын назваў лухтою інфармацыю пра шэсцьдзесят знішчаных танкаў «Леапард», пра якія рапартавала ведамства Шайгу. Паводле падпалкоўніка запасу ЗСУ Міколы Саламахі, без падтрымання сярод крамлёўскіх вярхоў так востра Прыгожын бы не выказваўся.

«Прыгожын агучвае тое, пра што ўсе астатнія ў Расеі маўчаць. У тым ліку і агучвае, напэўна, тыя свае асабістыя размовы з начальнікам генеральнага штабу Расейскай Федэрацыі Герасімавым», – мяркуе Мікола Саламаха.

Зводкі Генштабу Збройных сілаў Украіны пацвярджаюць словы Прыгожына пра каласальныя страты расейскае арміі. Толькі за мінулыя содні сілы абароны Украіны зліквідавалі шэсцьсот восемдзесят акупантаў, чатыры танкі і сорак чатыры артылерыйскія сістэмы.

«У вайскоўцаў з іхнымі справаздачамі і пазіцыямі ўсё ідзе паводле плану. Не трэба чакаць, што наступ – гэта нешта вельмі хуткае. Кожны дзень мы маем прасоўванне. Кожны дзень. І так, гэта паступова. Але нашыя замацоўваюцца на гэтых рубяжах і прасоўваюцца ўпэўнена», – заявіла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ЗСУ на танке. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Страціўшы здольнасць змяніць сітуацыю на сваю карысць на лініі фронту, расейскія акупанты традыцыйна звяртаюцца да ракетных абстрэлаў па ўкраінскім тыле. Так, у ноч на 23 чэрвеня расейцы нанеслі ўдар па Украіне з самалётаў стратэгічнай авіяцыі, выпусціўшы 13 крылатых ракетаў Х-101/ Х-555. У ЗСУ адзначылі, што ляцелі яны на вайсковы аэрадром у Хмяльніцкай вобласці. Сілы супрацьпаветранай абароны збілі ўсе ракеты.

Днём расейцы прыцэльным агнём абстралялі транспартнае прадпрыемства, дзе няма ніякіх вайсковых базаў. У выніку варварскага нападу загінулі тры асобы.

Спадарожнікавы здымак аўтамабільнага мосту ў Чангары. Напярэдадні ЗСУ ўдарылі па аб‘екце, а ўжо сёння расейскае войска побач з ім збудавала пантонную пераправу.

Чаму так тэрмінова і што будзе, калі перарэзаць гэты шлях для расейцаў?

«Нельга будзе з Крыму перацягваць тэхніку, боепрыпасы, людзей, медыкаменты, ежу. У адваротны бок нельга везці з цяжкасцю параненых, яны будуць паміраць у дарозе. Там вялізныя пробкі, вялізныя чэргі. Гэта значыць, санітарныя страты ў Расейскай Федэрацыі будуць павялічвацца. Тэхніку на рамонт нельга будзе везці», – кажа экс-супрацоўнік СБУ, вайсковы эксперт Іван Ступак.

І гістарычная падзея ў Данецкай вобласці. Паводле мапы праекту «Дып-Стэйт», ЗСУ вызвалілі невялікую тэрыторыю паміж Мар’інкаю і Стараміхайлаўкаю. Адметна, што гэтая тэрыторыя была пад акупацыяй расейцаў з 2014 года.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама