Супраць Лукашэнкі ініцыявалі новую крымінальную справу

Генацыд – міжнароднае злачынства, дзе выканаўца і арганізатар не маюць права разлічваць на палітычны прытулак у любой кропцы планеты. І вось, пакуль справы аб пераследзе беларусаў яшчэ ў распрацоўцы, Аляксандр Лукашэнка зрабіў сабе новыя праблемы ўдзелам у генацыдзе суседзяў, а менавіта – гвалтоўнай перадачы дзяцей з адной групы ў іншую. Генеральная пракуратура Літвы санкцыянавала расследаванне адносна фігурантаў рэжыму Лукашэнкі ў справе аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей – у тым ліку на беларускую зямлю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Вільні Генеральная пракуратура распачала дасудовае расследаванне адносна шэрагу беларускіх адказных асобаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, паводле літоўскага Крымінальнага кодэксу.

«Міністэрства замежных справаў Літвы раней ужо звярнулася ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда з інфармацыяй, што Беларусь можа быць уцягнутая ў дэпартацыю і рэлакацыю ўкраінскіх дзяцей. І як мы ведаем, ужо ёсць ордар на арышт Уладзіміра Пуціна за гэтае злачынства», – падкрэсліла ў размове з «Белсатам» міністарка юстыцыі Літвы Эвэліна Дабравольска.

Хутка можа з’явіцца такі ж ордар на арышт Лукашэнкі, заявіла сёння намесніца міністра юстыцыі Літвы.

Як падкрэсліла Габія ГрыгайцеДаўгірдзе, удзел у дэпартацыі дзяцей – яшчэ адзін доказ саўдзелу Лукашэнкі ў ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

«Ужо практычна распрацоўваецца план, як стварыць спецыяльны трыбунал па даследаванню гэтага злачынства, дзе будуць прыцягвацца лідары – Пуцін і Лукашэнка як партнёр па злачынству», – патлумачыў Андрус Кубілюс, еўрадэпутат ад Літвы.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяняліся поціскамі пад словы Такаева пра адну на дваіх ядравую зброю. Масква, Расея, 24 траўня 2023 года. Скрыншот з відэа: «Пул Первого» / Telegram

На сёння задакументаваныя факты незаконнага перавозу прынамсі 2 тысячаў украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыяў у лагеры ў Беларусі – без дазволу Украіны. Прадстаўнікі Лукашэнкі называюць гэта дзіцячым аздараўленнем, а міжнароднае права трактуе такія дзеянні, як генацыд. Дакументы збіралі з удзелам беларускіх дэмакратычных сілаў.

«Мы перадаем матэрыялы закрытай часткі справаздачы, якія таксама ўжо перададзеныя ў Генеральную пракуратуру Украіны. Бо гэта ўкраінскія дзеці, і нашая галоўная мэта – вярнуць украінскіх дзяцей дадому, спыніць гэтыя злачынствы і прыцягнуць да адказнасці асабіста Лукашэнку і памагатых», – паведаміў «Белсату» Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Сёння міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс сустрэўся з пракурорам Міжнароднага крымінальнага суду Карымам Ханам і перадаў яму першую частку дакументаў аб прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.

Разам з тым ідзе і пераацэнка рэпрэсіяў рэжыму адносна беларусаў.

«НАУ выступіла партнёрам у падрыхтоўцы справаздачы міжнароднымі юрыстамі, якая прадугледжвае ацэнку злачынстваў, што ажыццяўляюцца на тэрыторыі Беларусі. Вельмі важная выснова, што фактычна гэта злачынствы, якія ажыццяўляюцца супраць грамадзянскай супольнасці на сістэмнай, пастаяннай, маштабнай аснове на тэрыторыі ўсёй краіны», – тлумачыць Павел Латушка.

То бок гаворка ідзе аб злачынствах супраць чалавечнасці.

«Па-першае, катаванні, па-другое, незаконнае пазбаўленне волі, у трэціх, пераслед з палітычных і нацыянальных матываў, і маюцца выпадкі і забойстваў, і сексуальных злачынстваў, і дэпартацыі беларускіх грамадзян», – распавёў Дайнюс Жалімас, кіраўнік Цэнтру права і дэмакратыі «Justice Hub».

Былы кіраўнік Канстытуцыйнага суду Літвы Дайнюс Жалімас – адзін з арганізатараў канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс», якая распачалася сёння ў Вільні.

«Зараз мы бачым, што тэма Беларусі – яе фокус змясціўся. Таму трэба вяртаць яе, казаць, што злачынствы супраць чалавечнасці былі, яны цяпер ёсць, мы бачым, што колькасць палітвязняў вымяраецца тысячамі. І людзі не проста сядзяць у турмах, а над імі здзекуюцца», – падкрэсліў адзін з ініцыятараў беларускага кейсу ў межах універсальнай юрысдыкцыі Віталь Алейнік.

Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце, выступаючы на канферэнцыі, паабяцала, што Літва працягне ўдзельнічаць у зборы доказаў аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі, і назвала яго дыктатарам, які выйшаў за межы ўнутранай тыраніі на міжнародную арэну.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама