Вайна ва Украіне: якія тактычныя поспехі робяць ЗСУ?

ЗСУ прарвалі першую лінію расейскай абароны на адным з кірункаў фронту. Вызваленыя чатыры паселішчы на поўдні Данецкай вобласці: Нэскучнае, Благадатнае, Старажавое, Макараўка. Да таго ж ЗСУ сёння адсправаздачыліся пра ўтрыманне Навадараўкі на поўначы Запарожскай вобласці – яе адбілі ў расейцаў яшчэ 4-га чэрвеня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы атрымліваем інфармацыю аб руху ўкраінскіх вайскоўцаў са значным спазненнем у 2-3-4 дні. Гэта робіцца для таго, каб нашыя войскі мелі магчымасць замацавацца, у мэтах бяспекі нашых вайскоўцаў – каб не даць расейцам зарыентавацца па нашай хроніцы, што ж адбываецца», – упэўнены экс-супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

На сёння няма аднаго кірунку наступу ўкраінскіх войскаў. ЗСУ не толькі пераадольваюць эшаланаваную абарону, але і наносяць удары там, дзе расейцы не паспелі выбудаваць значных умацаванняў.

«Калі кажуць пра контрнаступальную аперацыю, гэта не значыць што будзе адная тоўстая стрэлка. Гэта могуць быць удары і на ўсходзе, і на поўдні, і на іншых напрамках. Таму расейцы так нервуюцца – яны дагэтуль не вылічылі кірунак галоўнага ўдару», – разважае кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру глабальных даследаванняў «Стратэгія XXI» Паўло Лакійчук.

Горача не толькі на лініі сутыкнення войскаў. Украінская адміністрацыя ладзіць эвакуацыю мірных жыхароў, якія пацярпелі ад падрыву Кахоўскай ГЭС. Часцяком людзей ратуюць проста пад расейскімі абстрэламі.

«Сёння ў выніку аднаго нападу загінулі тры чалавекі, – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. – Спачуваю іхным родным і блізкім. Яшчэ дзесяць параненыя, у тым ліку двое работнікаў паліцыі. Гэта была эвакуацыя з вёскі Кардашынка, што на ўсходнім беразе Херсонскай вобласці».

Вайскоўцы ЗСУ у вызваленым населеным пункце Старажовае. Крыніца: annamaliar / Telegram

На думку Івана Ступака, падрыў Кахоўскай ГЭС прынамсі часткова запаволіў украінскі контрнаступ на адным з кірункаў. Выглядае, тактыка знішчэння буйных аб’ектаў будзе працягнутая. Паводле прадстаўніка сілаў абароны таўрыйскага кірунку Валерыя Шэршаня, расейцы цяпер узарвалі дамбу на рацэ Мокрыя Ялы ў Данецкай вобласці. А ўкраінская выведка папярэджвае пра мінаванне хімічнага заводу «Крымскі тытан», што ў акупаваным Армянску. На прадпрыемстве выкарыстоўваюць да двухсот тонаў аміяку.

«Калі ёсць магчымасць стрымаць украінскі контрнаступ – яны гатовыя на ўсё што заўгодна. Дамбу падарваць? Лёгка. Хімічнае прадпрыемства? Лёгка. Іх не цікавіць, куды прынясе гэтае воблака хімічных элементаў вецер. Ён памяняўся – воблака панесла на Растоў – і горад вымер. Гэта кагосьці хвалюе? Нікога. Яны пра гэтыя наступствы нават не думаюць», – кажа Іван Ступак.

Між тым адбыўся чарговы абмен палоннымі паміж Расеяй і Украінаю. Дадому вярнуліся 95 жаўнераў ЗСУ, Нацыянальнай гвардыі ды памежнай службы.

Чарговы раз звяртае на сябе ўвагу тое, якімі знясіленымі выглядаюць украінскія ваяры пасля палону.

«Расея не збіралася і не збіраецца выконваць Жэнеўскую канвенцыю на практыцы, – кажа Паўло Лакійчук. – Палон у Расеі – гэта нешта страшнае».

На меркаванне Лакійчука, няма надзеі, што Расея будзе выконваць пагадненні адносна абыходжання з палоннымі. Затое ёсць спадзеў на міжнародныя арганізацыі ў расследаванні падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС і знішчэння станцыі. Як заявіў Уладзімір Зяленскі, Украіну наведалі прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суда. Праца ў расследаванні катастрофы пачалася.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама