Прапагандысты расказалі, як не трапіць за краты

Сілавікі Лукашэнкі ў эфіры аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў даводзяць: закон у Беларусі мае зваротную сілу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Не мае значэння, калі менавіта нейкае аб’яднанне грамадзянаў прызнанае тэрарыстычным або экстрэмісцкім. Прызнанне іх такімі – гэта падвядзенне рысы пад іхнай дзейнасцю, а не адпраўны пункт для магчымасці кваліфікацыі дзеянняў асобаў, якія ажыццяўляюць іхнае фінансаванне», – кажа кіраўнік аддзелу Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК Беларусі Уладзіслаў Ларыёнаў.

Пасля 2020 года сілавікі актыўна арыштоўваюць і судзяць беларусаў за данаты ў фонды салідарнасці. Прычым у той момант, калі людзі ахвяравалі грошы, гэтыя арганізацыі не мелі статусу тэрарыстычных або экстрэмісцкіх фармаванняў. На меркаванне юрыста Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцёма Праскаловіча, прыцягненне ў такім выпадку да крымінальнай адказнасці магчымае толькі ў краіне, дзе не да законаў:

«У пэўны момант служэнне рэжыму Лукашэнкі перакрывае сабою ўсе законы – як прававыя, так, магчыма, і фізічныя, і хімічныя, і чалавечыя, і ўсе астатнія. Яны могуць для сябе выдумляць усё што заўгодна, што зямля пляскатая, а крымінальны закон мае зваротную сілу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: na-dache.pro

Але, сцвярджаюць прапагандысты, ад крымінальнага пераследу з боку сілавікоў можна легальна адкупіцца. Прычым, за немалыя грошы. Адна з асобаў, што фігуруюць у матэрыяле ОНТ, ахвяравала дзеля свабоды 60 тысяч долараў ЗША. Іншая – 31 біткойн. Грошы нібыта пералічылі на рахункі медычных установаў.

«Мы насамрэч не ведаем, куды пойдуць гэтыя грошы. Калі будзе выбар – пакарміць чарговага “губазіка” або хворае дзіця, думаю, што для сістэмы важна пакарміць “губазіка”, таму што сістэма створаная і працуе дзеля аднаго – дзеля самазахавання», – мяркуе публіцыст і літаратар Севярын Квяткоўскі.

На меркаванне ж Арцёма Праскаловіча, куды менавіта ідуць грошы, – не настолькі істотна. Галоўнае, што сілавікі фактычна адбіраюць іх у людзей пад пагрозай крымінальнага пераследу.

«З надуманых прычынаў распачынаюць крымінальны палітычны пераслед, а потым чалавеку даюць магчымасць пазбавіцца сваёй віны, якой за ім няма, праз нейкае дабрачыннае ахвяраванне, – абураецца Праскаловіч. – Гэта перакульванне ўсіх маральных каштоўнасцяў з ног на галаву».

Севярын Квяткоўскі бачыць у гэтым старую напрацаваную схему. Прычым ён дапускае, што колькасць прапановаў адкупіцца ад пераследу можа вырасці, бо ў Беларусі адсутнічае дастатковая колькасць турмаў, каб змясціць палітвязняў.

«Раней адкупляліся мільёнамі бізнесоўцы, афіляваныя з Лукашэнкам. Калі яны яму не падабаліся, ён садзіў іх у турму. Яны адкупляліся і выходзілі. Цяпер перайшлі на такі вось нізавы ўзровень», – разважае Севярын Квяткоўскі.

Арцём Праскаловіч дадае, што дзеля мэтаў водкупу ад турмы могуць пачаць выкарыстоўваць нядаўна створаны «Фонд Першага». У такім выпадку грошы беларусаў, якія зазналі пераслед, будуць назапашвацца там.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама