Супраць рэжыму Лукашэнкі рыхтуюць новыя санкцыі

Рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіяў супраць беларусаў і працягвае дапамагаць Расеі ў вайне супраць Украіны. Адпаведна, краіны Захаду і ЗША працягваюць санкцыйныя крокі супраць уладаў Беларусі. Што змянілася на гэты раз?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пасажырскі самалёт чарнагорскай авіякампаніі «Air Montenegro» не здзейсніў парушэння, калі скарыстаў паветраную прастору Беларусі на шляху да Вільні. Да такой высновы прыйшлі авіяцыйныя ўлады Літвы. Бо Чарнагорыя не чалец Еўразвязу, таму для яе забарона на выкарыстанне неба над нашаю краінаю носіць рэкамендацыйны характар.

«Тут жа пытанне не фармальнага, а практычнага, ці разумеюць гэтыя авіакампаніі пагрозу, небяспеку, што гэта самлёт можа быць захоплены, выкарыстаны. Няўжо яны не разумеюць, што на фоне ўсіх навінаў пра размяшчэнне ядравай зброі, такія крокі – аблёты, пралёты над тэрыторыяй Беларусі – з’яўляюцца прамой пагрозай іх грамадзянам», – каментуе сітуацыю галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Забарона на палёты над Беларуссю і санкцыі супраць «Белавіі» былі ўведзеныя пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску ды затрымання Рамана Пратасевіча і Софʼі Сапегі ў траўні 2021 года. Напярэдадні Міністэрства гандлю ЗША працягнула экспартныя забароны для беларускай авіякампаніі яшчэ на 180 дзён. У дадатак прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн падоўжыў ранейшыя санкцыйныя захады супраць уладаў Беларусі на год. Іх прынялі яшчэ ў 2006 годзе, пасля прэзідэнцкай кампаніі.

«Ніхто здымаць санкцыі з Лукашэнкі не збіраецца, сітуацыя толькі пагаршаецца і з правамі чалавека і з вайсковымі дзеяннямі Лукашэнкі ва Украіне. Зараз у ЗША дзейнічае некалькі пакетаў санкцыяў з розных прычынаў: гэта і абмежаванні супраць юрыдычных асобаў, якія звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, з рэпрэсіямі і ўдзелам у вайне. Гэта абмежаванні індывідуальныя», – нагадвае галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Перагледзець зносіны з нашай краінай могуць краіны-чальцы Міжнароднай арганізацыі працы. Гэта стала магчымым пасля прыняцця адпаведнай рэзалюцыі наконт актывізацыі трыццаць трэцяга артыкулу Статуту арганізацыі, які можа абавязаць краіну-чальца выконваць рэкамендацыі канферэнцыі. Раней такія сурʼёзныя захады былі скарыстаныя толькі ў дачыненні Мʼянмы.

«Апошні шанец, каб гэты параграф не быў скарыстаны у Беларусі, гэта калі б яны не закрывалі незалежных прафсаюзаў і не садзілі б лідараў незалежных прафсаюзаў. Улады Беларусі вырашылі гэтым шанцам не скарыстацца і зрабілі тое, што мы ўсе ведаем», – тлумачыць сябра праўлення «Свабоднага прафсаюзу Беларускага» Дзяніс Садоўскі.

На пастанову міжнароднай арганізацыі неадкладна зрэагаваў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда:

«Міжнародная арганізацыя працы не павінна прымаць рашэнні, што заахвочваюць санкцыі. Аднак сёння мы бачым, што пазіцыі МАП у пытанні Беларусі вельмі перадузятыя, на ўсе краіны чыніцца беспрэцэдэнтны ціск, каб працягнуць пытанне супраць Беларусі. Прычым робяць гэта тыя, хто мусіць быць абʼектыўным, цалкам знішчаны прынцып плюралізму».

За прыняцце рэзалюцыі наконт Беларусі прагаласавала 301, супраць – толькі 54, 108 удзельнікаў устрымаліся ад галасавання.

«Пасля прыняцця 33-га параграфу кожная краіна, што ўдзельнічае і ёсць чальцом МАП, мусіць перагледзець свае стасункі з Беларуссю і прыняць новы пакет санкцыяў. Гэта абваязкова», – такі вынік робіць Дзяніс Садоўскі.

У адказ на такія захады прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі ўжо паабяцалі ўзмацняць сувязі з прафсаюзамі сяброўскіх краінаў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама