Вашынгтон і Еўразвяз рыхтуюць санкцыі

Вашынгтон асудзіў масавыя арышты па ўсёй Беларусі і абяцае працягнуць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Гэта рэакцыя на затрыманне прынамсі паўтары сотні асобаў – былых палітвязняў і сваякоў палітвязняў, што цяпер за кратамі. У беларускіх дэмакратычных сілах нагадваюць, што Злучаныя Штаты маюць яшчэ неўжываныя інструменты ўплыву на Лукашэнку і ягоных сілавікоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь небяспечная для амерыканскіх грамадзянаў – ім не раяць ездзіць да нас. І на старонцы Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША нашая еўрапейская краіна стаіць у адным шэрагу з Венесуэлай, М’янмай, Іранам, Расеяй і КНДР, бо ў нас небяспечна і ў нас працягваюцца арышты і катаванні людзей ні за што. У апошняй афіцыйнай заяве Вашынгтон асудзіў масавы «хапун», што прайшоў у розных гарадах Беларусі. Меркавана, у ЗША адсочваюць і крымінальную спецвытворчасць супраць 20 палітычных экспертаў, якіх Следчы камітэт запісаў у «аналітыкаў Ціханоўскай».

«Злучаныя Штаты асуджаюць нядаўнія рэйды і затрыманні, здзейсненыя рэжымам Лукашэнкі, а таксама больш шырокія напады рэжыму на правы чалавека і спробы перашкодзіць дэмакратычным памкненням беларускага народу. Мы працягнем прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці з дапамогаю санкцыяў ды іншых сродкаў за яго жорсткія ўнутраныя рэпрэсіі, гэтак сама, як і за яго сталую падтрымку расейскай агрэсіўнай вайны супраць Украіны», – заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяг ЗША. Фота: ghall.com.ua

Гэта даволі моцная заява, да якой прыслухаюцца і ў Радзе правоў чалавека ААН, і ў іншых краінах, мяркуе Франак Вячорка. Але сам Лукашэнка пачуе толькі гукі ўдараў па ягоных кашальках. Напрыклад, эфектыўнымі будуць другасныя амерыканскія санкцыі супраць памагатых Лукашэнкі ў абыходзе санкцыяў.

«Амерыканцы могуць паўплываць на абмежаванне транзіту праз Беларусь – тое, што дае грошы Лукашэнку. Нядаўна мы абмяркоўвалі асобны санкцыйны спіс за рэпрэсіі супраць беларусаў, куды маглі б увайсці і адміністрацыі калоніяў, дзе ўтрымліваюць палітвязняў, і пракуроры, і следчыя. А таксама тыя кампаніі, якія выкарыстоўваюць працу палітвязняў», – патлумачыў «Белсату» галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Дэмакратычныя сілы, у тым ліку Абʼяднаны пераходны кабінет і Святлана Ціханоўская адмыслова ўздымалі тэмы санкцыяў за рэпрэсіі падчас Стратэгічнага дыялогу ў Вашынгтоне.

А напярэдадні абраная прэзідэнтка Беларусі выступіла ў французскім Страсбуры на пленарнай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. У выніку Рада Еўропы прыняла адмысловую рэзалюцыю па Беларусі. Але барацьба за палітвязняў лёгкай не будзе.

«Мы сустракаліся ў Давосе з міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца вызваленнем закладнікаў і палітвязняў у розных краінах. Мы не можам называць, якія гэта арганізацыі, але яны маюць кантакты з Менскам. І кажуць, што з боку Менску няма ніякага жадання цяпер вызваляць. Няма жадання вызваляць, бо няма дастаткова ціску», – падкрэсліў Франак Вячорка.

Ціск будзе. Напярэдадні Еўразвяз прыняў адмысловую рэзалюцыю ў справе затрыманых экс-палітвязняў і сваякоў рэпрэсаваных.

«У нас шмат інфармацыі, якую мы абавязкова спраўджваем. І яна, на жаль, паказвае, што сітуацыя кепская і не паляпшаецца. Рэпрэсіі працягваюцца. І доказ гэтаму – тое, што мы пабачылі за апошнія некалькі дзён, шырокамаштабныя рэйды і ператрусы супраць былых палітвязняў і семʼяў цяперашніх палітвязняў», – паведаміў «Белсату» Пэтэр Стана з Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці.

Асобна ўзмацніць санкцыі супраць Лукашэнкі патрабуе афіцыйная Варшава. Польшча разам з краінамі Балтыі заклікае ўвесці сектаральныя абмежаванні для Беларусі – аднолькавыя з санкцыямі для Расеі.

«Санкцыі ўвесь час пераглядаюць і карэктуюць, у тым ліку адносна апошніх падзеяў. Але гэты працэс адбываецца між краінамі-удзельніцамі Еўразвязу, канфідэнцыйна. Мы ніколі не анансуем наступнага раўнду санкцыяў і ніколі не абмяркоўваем санкцыяў публічна. Але Еўразвяз сочыць за падзеямі. І мы абавязкова прымем новыя санкцыі», – падкрэсліў Пэтэр Стана.

Яшчэ адна арганізацыя, з якой шчыльна працуюць беларускія дэмакратычныя сілы ў пытанні санкцыяў супраць Лукашэнкі – Міжнародная арганізацыя працы ў складзе ААН. Летась яна прыняла параграф адносна Беларусі за масавыя парушэнні правоў працаўнікоў, але да поўнай эканамічнай блакады, як у Мʼянме, справа пакуль не дайшла.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама