Атака на Севастопаль: Расея згубіла «Менск»?

Гараць цяжкавікі, якія чакалі загрузкі каля партоў у Адэскай вобласці. Гэта вынікі начной атакі расейскіх войскаў, якая цягнулася 4 з паловаю гадзіны. Пашкоджаныя аб’екты прыпартовай ды іншай цывільнай інфраструктуры, сямёра чалавек пацярпелі. Акрамя Адэскай, пад ударам была і Сумская вобласць. Агулам ноччу Расея выпусціла па Украіне 44 «Шагэды», 32 з якіх удалося знішчыць, паведамілі Паветраныя сілы Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тым часам Украіна тактычна атакуе расейскія вайсковыя абʼекты. Гэтым разам удары прагучалі ў акупаваным Севастопалі. Міністэрства абароны Расеі заявіла пра прылёт крылатых ракетаў па суднарамонтным заводзе. У выніку пашкоджаныя два караблі, якія былі на рамонце. Гэтую ж інфармацыю ў інтэрвʼю нашым калегам з праграмы «Вось так» пацвердзіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны.

«Гэта нялёгкія пашкоджанні. Ці падлягаюць яны аднаўленню? Інфармацыя будзе трохі пазней. Акрамя пашкоджанняў саміх плавальных сродкаў, таксама значныя пашкоджанні самога прадпрыемства і вытворчай базы акупантаў. Таму сёння добры дзень, яшчэ адзін знакавы дзень, які набліжае дэмілітарызацыю ўкраінскага Крыму ад расейскіх захопнікаў», – распавёў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў.

Пашкодзіць карабель, на думку ўкраінскага вайсковага эксперта Паўла Лакійчука, больш значна, чым патапіць яго: «Таму што не проста ён выведзены на нейкі прамежак часу са складу флоту, а яшчэ і займае нечыя рукі, фінансы на свой рамонт. Займае месца караблёў, якія праходзяць тэхнічнае абслугоўванне перад выхадам у мора для нанясення ракетных удараў па Украіне».

Паводле неафіцыйных звестак, размова ідзе пра дэсантны карабель «Менск», які да поўнамаштабнай вайны адносіўся да Балтыйскага флоту, і дызель-электрычную падводную лодку «Растоў-на-Доне».

Аднак праваенныя расейскія паблікі паведамляюць, што аднаўленне карабля ды падлодкі ўжо немагчымае. Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацверджаная.

«Гэта сотні мільёнаў долараў стратаў толькі па сабекошту дадзенага вайсковага карабля і падводнай лодкі. Але важна іншае. Дадзеныя вялікія ваенна-дэсатныя караблі, да якіх адносіцца «Менск», Расея не можа будаваць. Таму яна не можа кампенсаваць гэтую страту ў хуткім парадку», – адзначыў вайскова-палітычны аглядальнік з Украіны Аляксандр Каваленка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запуск супрацькарабельных ракет NSM. Фота: kongsberg.com

Акрамя Чарнаморскага флоту, Расея мае праблемы і з іншым узбраеннем. Толькі за апошнія содні, паводле Генеральнага штабу ЗСУ, расейскія войскі страцілі прынамсі 16 танкаў, 14 баявых бронемашынаў і 30 артылерыйскіх сістэмаў.

«Мы разумеем, што падмануўшы сваё насельніцтва, у жаданні падмануць увесь свет, у рэшце рэшт Пуцін і яго кліка падманулі самі сябе і аказалася, што ўзбраення, якім яны кічыліся і казалі, што ім хопіць на дзясяткі гадоў паўнавартаснай вайны, стала не хапаць ужо праз паўгода вайны ў Украіне», – патлумачыў вайсковы эксперт Іван Варчанка.

Відавочна, што Крэмль імкнецца папоўніць дэфіцыт зброі. Але ж выбар краінаў, да якіх можна звярнуцца па дапамогу, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіне вельмі абмежаваны. Акрамя Беларусі ды Ірану, цяпер Масква разлічвае на Паўночную Карэю. Гэтак, сёння адбылася сустрэча Уладзіміра Пуціна з лідарам КНДР Кім Чэн Ынам. Неафіцыйна на парадку дня была перадача ўзбраення для расейскіх войскаў.

«Перадаць што-небудзь для Расеі ў Паўночнай Карэі ёсць. Іншы момант – а ці перададуць? Любое такое рашэнне – гэта рашэнне, якое яна не можа ўзгадніць з Пекінам. А ўзгадненне ў любым выпадку адбудзецца», – дадаў Аляксандр Каваленка.

Паводле Аляксандра Каваленкі, дазволіўшы такую ўгоду, Пекін павышае для сябе рызыку трапіць пад заходнія санкцыі. З другога боку – лагістыка. Даставіць зброю з КНДР у Расею можна чыгункаю, бо гэта танна. Але ж, адзначаюць эксперты, існуе шмат праблемаў: ад стану паўночнакарэйскіх цягнікоў да дзейнасці расейскіх рэйкавых партызанаў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама