ЗСУ правялі ўнікальную спецаперацыю ў акупаваным Крыме

Служба бяспекі Украіны і Вайскова-марскія сілы нанеслі наймагутнейшы ўдар па вайсковым аэрадроме Сакі ў раёне Навафёдараўкі ў акупаваным Крыме. Сярод расейскіх акупантаў – прынамсі 30 загінулых. Сам вайсковы аэрадром яшчэ з савецкага часу лічыўся ўнікальным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Унікальнасць яго ў першую чаргу ў тым, што там знаходзіцца аб’ект “Нітка”. Гэта навукова-выпрабавальны трэнажорны комплекс марской авіяцыі. Такі сабе аналаг авіянясучага крэйсера “Адмірал Кузняцоў”, які закапаны ў зямлю. Па факце, гэта вельмі дарагі вайсковы абʼект, які дастаўся ў спадчыну Украіне пасля распаду Савецкага саюзу», – кажа спікер Генеральнага штабу ЗСУ ў 2014-2017 гадах Уладзіслаў Селязнёў.

Папулярнае ўкраінскае выданне «Нью Войс» са спасылкаю на свае крыніцы ў СБУ паведаміла, што ў момант удару на аэрадроме было сама меней 12 баявых самалётаў Су-24 і Су-30, а таксама зенітна-ракетны комплекс «Панцыр». Таксама на гэтым аэрадроме была база рыхтавання аператараў выведных і ўдарных іранскіх дронаў «Магаджэр».

«Больш за 15 выбухаў было зафіксавана мясцовымі жыхарамі. У мяне была магчымасць адсачыць у мясцовых пабліках абмен меркаваннямі і каментарамі сярод мясцовых жыхароў. І не ўсе з гэтых 15 выбухаў былі вынікам працы расейскай сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны. Гэта значыць. былі прылёты. Прылёты былі вельмі і вельмі істотныя. Праціўнік панёс страты», – кажа Уладзіслаў Селязнёў.

Украінскія вайскоўцы. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Для гэтай атакі ЗСУ ўжылі выдатную тактыку. Спачатку запусцілі беспілотнікі, якія перагрузілі расейскую паветраную абарону. Якую дакладную колькасць дронаў выпусцілі, невядома. Але ў момант нападу расейскія прапагандысты пісалі, што гэта самы масавы налёт БПЛА за ўсю расейска-ўкраінскую вайну. Затым па аэрадроме запусцілі ракеты «Нэптун». Унікальнасць аперацыі яшчэ і ў тым, што яны прызначаныя для знішчэння караблёў у адкрытым моры.

«На беразе трэба ўлічваць рэльеф мясцовасці. Ён змяняецца. Яго трэба неяк закладваць у праграму палётную. Іншая форма абʼекта. Гэта значыць, ізноў жа, проста радыёлакацыйнай галоўкай яго не возьмеш. Патрэбны іншыя алгарытмы ідэнтыфікацыі і прывязкі цэляў», – тлумачыць вайсковы эксперт, кіраўнік праграмаў бяспекі Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Паўло Лакійчук.

У сваю чаргу расейскія акупанты за мінулую ноч здзейснілі дзве хвалі ракетных атак на Украіну. Падчас першай пад ударам апынуліся Кіеў, Роўна, Хмяльніччына, Львоўская вобласць, Харкаў і Чаркасы. Толькі ў ваколіцах сталіцы збілі больш за 20 варожых цэляў. Ад падзення абломкаў пацярпелі больш за 10 чалавек.

«Спачатку выбух быў, гучны. Падымаю галаву, а спала я да вакна, і выбліск, хваля. Вогненны выбліск. Ну і я падушкаю прыкрылася. Вось так. І ўсё», – распавядае жыхарка Кіева Вольга.

У Чаркасах у выніку ракетнага ўдару разбураны будынак гатэлю, а таксама ўзнік пажар на рынку. Пацярпелі 9 чалавек. У некаторых дамах ударная хваля выбіла вокны. Сурʼёзныя наступствы ад удараў зазнала Ровенская вобласць. Там расейскія акупанты ўпершыню за мінулыя паўгода атакавалі энэргасістэму Украіны. Частка Ровенскага раёну засталася без электраэнэргіі.

Таксама ў абласным цэнтры былі траплянні ў абʼекты цывільнай інфраструктуры. У Харкаве ў выніку расейскага нападу пацярпелі дзве асобы. У Львоўскай вобласці расейцы трапілі ракетай у прамысловую зону.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама