Стратэгія пераходу да Новай Беларусі: Як забіць гідру дыктатуры, каб яна не ажыла?

Дэмакратычныя сілы выпрацавалі план, як зрынуць дыктатуру, але цяпер яны маюць і стратэгію, каб на месцы адсечанай галавы дракона не раслі новыя дыктатарскія галовы. Стратэгія пераходу да Новай Беларусі – грунтоўны план пераходу ад аўтарытарнага да дэмакратычнага кіравання – прадстаўлены на грамадскі разгляд.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адлучэнне Лукашэнкі ад улады – гэта задача сённяшняга дня, над якой працуюць цяпер. Але паралельна трэба стварыць стратэгію дзеянняў у пераходны перыяд, каб кожны ведаў, што рабіць, а звычайныя людзі загадзя ведалі, што будзе адразу пасля дыктатуры. Так тлумачаць сваю працу аўтары Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі, якія амаль год пісалі грунтоўны дакумент.

«Стратэгія пераходу да Новай Беларусі – гэта бачанне, як зрабіць нашую краіну незалежнай, дэмакратычнай і праеўрапейскай», – патлумачыла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас прэзентацыі.

Прэзентацыя адбылася сёння ў Вільні. Аўтары стратэгіі цудоўна разумеюць, што Лукашэнка не хоча аддаваць уладу, але трэба падрыхтавацца да ўсіх варыянтаў транзіту: ад найбольш небяспечнага, калі Расея ўцягне Беларусь у сваю вайну, да найбольш верагоднага – з прымусам рэжыму да перамоваў.

«Не заўсёды ўсё ва ўладзе Лукашэнкі. І ён зараз захоўвае кантроль над сілавікамі, над сітуацыяй. Але не заўсёды гэта магчыма, і няма вечных рэжымаў. Таму раней ці пазней гэта адбудзецца. Нам хацелася б, каб гэта было раней, і мы на гэта працуем», – падкрэслівае дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

Стратэгія стартуе ад пачатку моманту транзіту ўлады і разлічаная на шэсць гадоў. За гэты час запланаваныя сапраўдныя выбары прэзідэнта і парламента Беларусі.

«Можа здацца, што гэты дакумент у цяперашніх умовах заўчасны. Аднак досвед краінаў, як Іран, Гаіці, Паўночная Карэя, кажа пра адваротнае: калі палітычныя сілы не гатовыя да дэмакратычных пераменаў, то адна дыктатура змяняецца іншай», – нагадвае абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Палітычныя сілы – Офіс Ціханоўскай, Аб‘яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада, а таксама грамадскія арганізацыі і аналітычныя цэнтры – вырашылі пайсці шляхам еўрапейскіх суседзяў: Польшчы, Літвы і Чэхіі. Дзе таксама была дыктатура, чужыя танкі і бязмежжа сілавікоў на вуліцах. Там таксама прыдалася стратэгія, распрацаваная айчыннымі экспертамі за мяжой.

«Аператыўнае захаванне стабільнасці ў дзяржаве, як эканамічнай так і праваахоўнай. Таму што акрамя аб’ектыўных праблем, якія будуць існаваць у грамадстве, у эканоміцы і ва ўсіх сферах жыцця пасля таго, як рэжым Лукашэнкі пакіне краіну ў руінах, будуць спробы дэстабілізаваць абстаноўку звонку», – тлумачыць намеснік прадстаўніка АПК у справе транзіту ўлады Арцём Праскаловіч.

Аднаўленне канстытуцыйнага парадку, выбары, нармальная праца сістэмы кіравання і паслугаў, аднаўленне законнасці, эканамічная стабільнасць – кожны раздзел Стратэгіі, распрацаваны канкрэтнымі экспертамі, улічвае і сённяшні стан справаў у Беларусі, і гістарычны досвед, і пагрозы з боку суседзяў, якія не захочуць адпускаць падкантрольнага гібрыднага саюзніка.

«Будуць вынесеныя на разгляд парламенту пытанні аб выхадзе некаторых дамоваў з Расеяй. АДКБ, Саюзная дзяржава, эканамічная супольнасць з Расеяй – будзе перагляд эканамічных інструментаў, якія перадаюць наш суверэнітэт у Крэмль. Для нас гэта недапушчальна», – падкрэслівае прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

Офіс Святланы Ціханоўскай прэзентаваў стратэгію пераходу да Новай Беларусі. Вільня, Літва. 13 снежня 2023 года. Фота: Белсат

Поўная прыватызацыя гаспадаркі непатрэбная, але неабходныя рэформы эканомікі і сістэмы самакіравання. Давядзецца выдаць грошы на пенсіі, на сацыяльныя праграмы. Адна з першых задачаў – адмяніць санкцыі, выкліканыя дзеяннямі Лукашэнкі, і памірыцца з суседзямі.

«Стварэнне ўмоваў для фінансава-эканамічнай стабілізацыі ў Беларусі, каб нашая краіна змагла годна прайсці гэты перыяд, каб насельніцтва не пацярпела. Трэба будзе аднаўляць адносіны з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі: МВФ, Сусветны банк, ЕБРР», – распавядае Валер Кавалеўскі.

Новую Беларусь збіраюцца будаваць для ўсіх беларусаў, у тым ліку тых, хто не ўдзельнічаў у супраціве дыктатуры ці не хацеў пераменаў. Яны могуць нават увайсці ў новы ўрад.

«Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і прадстаўнікі тых урадоўцаў, якія зараз хацелі б, каб Беларусь засталася незалежнай краінай, і прымаць удзел у пабудове Новай Беларусі, могуць увайсці па выніках перамоваў. Гэта цалкам магчыма», – тлумачыць дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

Выключэнне – дзяржаўныя службоўцы і бізнесоўцы, якія ўдзельнічалі ў злачынствах супраць беларускага народу.

Стратэгія будзе дасяжная для грамадскага абмеркавання да лютага, у тым ліку праз інтэрнэт з Беларусі. Дакумент апублікаваны і на старонцы Святланы Ціханоўскай.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама