Ва ўмовах фактычнай адсутнасці апазіцыі ды міжнародных назіральнікаў, а таксама з тысячамі палітычных вязняў у турмах, а не на выбарчых участках. Палітыкі розных краінаў назвалі выбары-2024 фіктыўнымі і асудзілі маштабныя рэпрэсіі ў Беларусі.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Гэты цырк не ператворыць дыктатара ў дэмакрата!» Гэтак абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выказалася пра адзіны дзень галасавання. Яна адзначыла, што рэжым праводзіць іх як сапраўдную ваенную аперацыю, у атмасферы тэрору, без ніякай канкурэнцыі і без ніякага шанцу пачуць альтэрнатыўныя галасы.
Міжнародная супольнасць ужо адрэагавала на электаральную кампанію-2024. Гэтак, Дзяржаўны дэпартамент ЗША назваў выбары фіктыўнымі і асудзіў пераслед апанентаў рэжыму. Адзначана, што выбары адбываліся ў атмасферы страху, пры якой любы выбарчы працэс нельга назваць дэмакратычным. Рэжым працягвае ўтрымліваць больш за 1400 палітычных вязняў. Усе незалежныя палітычныя фігуры або ў няволі, або ў выгнанні. Злучаныя Штаты зноў заклікалі рэжым Лукашэнкі скончыць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязняў і пачаць дыялог з палітычнымі апанентамі.
Асудзіла рэпрэсіі падчас «бязвыбараў» у Беларусі і Нямеччына. Адпаведнае паведамленне ў сетцы «Х» апублікавала Міністэрства замежных справаў. Як гаворыцца ў заяве, рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ўсе даступныя сродкі для здушэння дэмакратычных памкненняў народу Беларусі.
Раскрытыкаваў псеўдавыбары ў Беларусі і ініцыятар стварэння групы сяброўства «Дэмакратычная Беларусь» у нямецкім Бундэстагу Робін Вагенэр. Паводле яго, як і сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары 2020-га года, гэтая электаральная кампанія не ёсць ні сумленнаю, ні свабоднаю. Наадварот, Лукашэнка працягнуў беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсіяў на яе пярэдадні, напісаў Вагенэр у сетцы «Х».
«Мы рашуча асуджаем бесчалавечныя дзеянні лукашэнкаўскага рэжыму. Мы патрабуем безумоўна і неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, а таксама патрабуем сумленных і свабодных выбараў у Беларусі!»
Высмейваннем дэмакратыі назваў гэтыя выбары дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, кіраўнік міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка. У заяве, апублікаванай на сваёй старонцы ў Facebook, ён заклікаў міжнародную супольнасць не прызнаваць іх легітымнасці.
Асудзіла міжнародная супольнасць і чарговае рашэнне Цэнтрвыбаркаму не запрашаць назіральнікаў ад АБСЕ. Фіксаваць хаду выбараў паклікалі прадстаўнікоў прыязных рэжыму краінаў. Сярод гэтак званых замежных назіральнікаў у медыях засвяціліся прадстаўнікі ўльтраправых партыяў з Нямеччыны, прарасейскія палітыкі з Італіі, Балгарыі, Швейцарыі, Сербіі. Некаторыя маюць шматгадовыя дачыненні з рэжымам Лукашэнкі.
Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»