Шпіёны і апазіцыя: чым займаецца беларускі КДБ?

«Былы галоўны доктар беларускіх санаторыяў у Друскеніках і Сочы шпіёніў для літоўскіх спецслужбаў», – кажуць аўтары дакументальнага фільму пра контрвыведку КДБ Беларусі. Паведамляецца таксама пра вырак двум украінцам, што нібыта збіралі ў Беларусі звесткі пра вайсковыя аб’екты. Фільм выпусціла дзяржаўнае тэлебачанне напярэдадні 105-й гадавіны стварэння беларускага КДБ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра затрыманне чарговага шпіёна КДБ паведамляе час ад часу. Аднак, колькі шпіёнскіх справаў маюць пад сабой рэальны грунт – пытанне адкрытае, мяркуе Аляксандр Азараў з «BYPOL».

«Шпіёнаў яны ловяць вельмі рэдка, і яшчэ невядома, шпіёны гэта ці не. Проста паказуха для Лукашэнкі, каб паказаць, што яны нешта робяць. Асноўнае – гэта трымаць беларускае грамадства ў руках Лукашэнкі», – мяркуе Аляксандр Азараў.

Паводле Азарава, КДБ кантралюе фальсіфікацыю выбараў, яго супрацоўнікі ёсць пры кожным вялікім прадпрыемстве і арганізацыі. Спецслужба пераследуе апазіцыянераў, пільнуе актывістаў, вярбуе агентаў у апазіцыйных асяродках. І не грэбуе брутальнымі метадамі пераканання, пацвярджае адвакат Алесь Міхалевіч, які быў апазіцыйным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года.

«Гэта і псіхалагічная апрацоўванне, і пагрозы асабістыя, і пагрозы чальцам сямʼі. Мяне і збівалі ў турме. Але галоўны выбар быў: або ты сядаеш у турму надоўга, або будзе нашым агентам», – узгадвае Алесь Міхалевіч.

Апынуўшыся ў засценках КДБ, Алесь Міхалевіч падпісаў паперу пра супрацу. Выйшаў на волю, сабраў прэс-канферэнцыю і распавёў грамадскасці, што паставіў подпіс пад ціскам. Пасля палітык тэрмінова пакінуў краіну. Такую практыку спецслужбаў ён лічыць незаконнай.

«І ў Канстытуцыі, і ў заканадаўстве аб дзяржаўнай бяспецы прапісаны прынцып законнасці. Таксама ў Крымінальным кодэксе ёсць артыкул “Прымус да дзеянняў”, за які прадугледжанае пакаранне. Але ўлада карыстаецца тым, што судовая сістэма і ўся сістэма прымусу знаходзіцца пад іхным кантролем», – кажа Алесь Міхалевіч.

КДБ не выключэнне. Сваім кастрычніцкім указам Лукашэнка цалкам падпарадкаваў сабе гэтае ведамства. Палітык Анатоль Лябедзька, якога КДБ і праслухоўваў, і затрымліваў, кажа, аднак, што не варта пераацэньваць магчымасці спецслужбаў. Савецкай сістэмы яны, напрыклад, не ўратавалі.

«Спецслужбы могуць працаваць, калі канцлагер татальны і калі няма крызісу, калі ён прыхаваны. Так было і з Савецкім Саюзам. Калі не было эканамічных праблемаў, калі яны вырашаюцца, то так і цярпелася. А калі моцны крызіс узнікае, што суправаджаецца грамадзянскай актыўнасцю, то яны перастаюць эфектыўна працаваць», – мяркуе Анатоль Лябедзька.

Палітык прыводзіць таксама прыклад ГДР, спецслужбы якой лічыліся ці не самымі моцнымі ў свеце. Але Берлінскі мур усё роўна абрынуўся.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама