Лукашэнка пераглядае выплаты бюджэтнікам

Пазбегнуць дысбалансу ў заробках сілавікоў. Менавіта гэтую катэгорыю працаўнікоў Лукашэнка вылучыў на нарадзе ў пытаннях заробкаў бюджэтнікаў. Такі выбар, мяркуюць у аб’яднанні былых сілавікоў «ByPol», мае грунтоўную прычыну – катастрафічны выцёк кадраў з карных структураў і недабор абітурыентаў у адпаведныя навучальныя ўстановы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі паглядзець тую метадычку, тыя слайды, якія яны на экран выводзяць для будучых абітурыентаў – гэта ў асноўным фінансавая замануха. Кватэры пад ільготныя працэнты, выплаты разнастайныя, высокі сацыяльны статус», – кажа былы вайсковец.

Вось і чарговы раз Лукашэнка згадаў пра будаўніцтва жытла для тых, хто ў пагонах, наўзамен на яшчэ больш адданейшую службу.

«ByPol» удакладняе, што пры дасягненні выслугі ў дваццаць пяць гадоў, сілавік будзе атрымоўваць арэнднае жытло ва ўласнасць. Акрамя ўзброеных сілаў, указ распаўсюджваецца на МУС, КДБ, Следчы камітэт, ДКСЭ, СБП і ААЦ.

Пры гэтым адбываецца перагляд заробкаў і выдаванне крэдытаў на выгадных умовах у той час, калі нават праўладная Федэрацыя прафсаюзаў адзначае: заробкі некаторых працаўнікоў творчасці, спорту, адукацыі, забаваў і адпачынку складаюць каля сямідзесяці адсоткаў адносна сярэдняга намінальнага заробку ў краіне.

«Гэта яшчэ адзін такі фінансавы кручок, з аднаго боку – гэта далейшы ціск на вайсковых службоўцаў, а з іншага – сігнал, што ў краіне, напэўна, рыхтуецца нешта нядобрае. Ён даў пернік, цяпер проста кажа, якім чынам гэты пернік трэба будзе ў перспектыве адпрацаваць».

А якія настроі ў тых самых сілавікоў? Ці гатовыя яны і далей заплюшчваць вочы на закон дзеля абяцаных прэферэнцыяў? Паводле былога вайскоўца:

«Катастрафічны стан цяпер у структурах МУС, таму што яны ў 2020 годзе апынуліся на вастрыі ўдару. Вядома, бачылі ўвесь гэты бруд і не захацелі далей боўтацца ў ім. Што тычыцца вайскоўцаў, то ў пераважнай большасці даволі меркантыльныя інтарэсы».

На гэтыя інтарэсы ў бюджэце і могуць знайсціся вольныя грошы. У заканадаўстве зʼявілася новаўвядзенне пра падтрыманне таленавітай моладзі. Цяпер, каб пазбавіцца дзяржаўнага фінансавага падтрымання, дастаткова будзе атрымаць адміністратыўнае або крымінальнае пакаранне паводле народных палітычных артыкулаў.

Напрыклад, за ўдзел у пратэстах, за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў ці нацыянальнай сімволікі, якую рэжым трактуе як нацысцкую. Больш за тое, пасля адмысловай працэдуры пастановаю Лукашэнкі ўзнагароджаная асоба будзе абавязаная вярнуць выплачаныя за ўвесь перыяд грошы цягам шасці месяцаў, або грошы будуць спагнаныя праз суд. Кажа прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова:

«Гэта помста. Помста беларускай моладзі за тое, што яна адважваецца думаць інакш і паводзіцца інакш. То бок, гэты чалавек імкліва страчвае ўсялякія, калі яшчэ і былі, рэшткі аўтарытэту».

Якую альтэрнатыву моладзі прапануюць дэмакратычныя сілы?

« У наступным годзе ў нас будзе працяг, будзе існаваць ізноў вялікая грантавая праграма, галоўная мэта якой – даваць стыпендыі беларускай моладзі для навучання ў еўрапейскіх універсітэтах», – дадае Таццяна Шчытцова.

Яна заклікае сачыць за адпаведным зменамі на інфармацыйных рэсурсах Офісу Святланы Ціханоўскай і Абʼяднанага пераходнага кабінету.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама