«Палякі прымаюць украінцаў перш за ўсё з міласэрнасці і толькі потым ужо – за грошы»

Больш за 6 мільёнаў. Столькі ўкраінцаў, паводле падлікаў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, пакінулі радзіму пасля расейскага ўварвання. Больш за палову з іх зарэгістраваліся ў Польшчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ва Украінскім доме ў Польшчы зарэгістравана 15573 заяўкі на жытло. Пры гэтым толькі 3500 мясцовых грамадзянаў гатовыя прапанаваць ім свае памяшканні. Але падчас праверкі высветлілася, што і гэтая лічба імгненна памяншаецца.

Украінскую мову цяпер можна пачуць у самых розных раёнах Варшавы. Менавіта ў сталіцы Польшчы імкнецца застацца большасць уцекачоў.

«Яны спыняюцца ў Варшаве, бо спадзяюцца: нехта паедзе далей і мы зоймем іхныя месцы, бо палякам жа за гэта плацяць грошы. Але па нашых назіраннях, палякі прымаюць украінцаў перш за ўсё з міласэрнасці і толькі потым ужо за грошы», – кажа Наталля Шылава з Украінскага дому ў Варшаве.

Украінцы атрымліваюць матэрыяльную дапамогу. Ім гарантаваны бясплатны праезд у грамадскім транспарце і нават квіткі ў іншыя краіны. А вось бясплатнага жытла бракуе на ўсіх, хто мае патрэбу.

«Мы спачатку патрацілі больш за 2000 долараў. Здымалі месяц адзін гатэль, потым другі. А цяпер нам знайшлі хостэл з харчаваннем. І мы задаволеныя. Я з дзецьмі ў адным месцы, мама ў іншым трымае месца для сваякоў бясплатнае», – распавядае ўцякачка з Украіны Аляксандра Сцепаненка.

У першыя дні вайны людскае мора выплюхнулася ў Польшчу і стала расцякацца па ўсёй краіне. Рэгістрацыя давала права на бясплатнае жытло цягам двух месяцаў, але была яшчэ ўмова інтэграцыі. А гэта абавязковае вывучэнне мовы для працаўладкавання.

«Яны не працуюць, бо не вучаць мову, а не вучаць мову, бо яны думаюць, што яны вернуцца. Нам гэта вельмі балюча, бо мы бачылі, што людзі прыходзілі да нас пасля 24 лютага, а цяпер яны зноў да нас прыходзяць. Толькі сітуацыя яшчэ горшая, бо ў іх скончыліся грошы, а палякі, якія давалі ім жытло на два месяцы, просяць іх вызваліць кватэру. Яны прыходзяць за дапамогай.

«Мы запытваем: “А чаму ж вы не вучылі мову?” А яны кажуць: “А мы ж думалі, што хутка вернемся”», – кажа Наталля Шылава.

Арэнда каштуе дорага. І таму сотням уцекачоў, у якіх няма грошай, даводзіцца жыць у спартовых залах на раскладушках. Але ёсць і шмат шчасліўцаў, якіх адразу прытулілі ў сябе палякі.

У горадзе Ужгарад пад сховішча для перасяленцаў пераўтварыўся мясцовы спарткомплекс. Ужгарад, Украіна. 7 сакавіка 2022 года. Фота: СГ / Белсат

«Тое, што ў Бучы было, не хацелася б перажыць. Я ведаю, што оркі рабілі з дзяўчынкамі на Харкаўшчыне. Таму ўзяла дачку пад мышкі і з’ехала. Нас паляк прыняў, даў кватэру бясплатна, кожны тыдзень прыносіць харчы. Ужо другі месяц у яго жывем. І ён кажа: “Жывіце, колькі трэба”», – гаворыць іншая ўцякачка Вікторыя Палеская.

Шмат хто з уцекачоў робіць PESEL – ідэнтыфікацыйны нумар, без якога ў Польшчы не абысціся, калі трэба наведаць шпіталь, ці адкрыць банкаўскі рахунак, або набыць аўта. Але шмат хто не ведае, што гэтага не варта рабіць, калі чалавек плануе з’ехаць. Бо толькі адна з краінаў Еўразвязу гарантуе абарону. У дадзеным выпадку гэта будзе Польшча. У выніку людзі вяртаюцца з той жа Германіі ці Італіі, бо ў Польшчы для іх хаця б зразумелая на слых мова. А тут і новыя ўцекачы з Украіны. І атрымліваецца замкнёнае кола. Тыя дзясяткі тысяч украінцаў, якія цяпер вяртаюцца на радзіму, сітуацыю не ўратоўваюць. Новых праграм па інтэграцыі ўкраінцаў для вырашэння жыллёвага крызісу пакуль няма.

Любоў Лунёва, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама