Студэнцкі супраціў: гісторыя паўтараецца?

17 лістапада – Міжнародны дзень студэнта. Гэтая дата прымеркаваная да падзеяў 1939 года ў Чэхаславаччыне, калі гітлераўскія войскі жорстка задушылі студэнцкі супраціў у акупаванай краіне ды арыштавалі больш за тысячу асобаў. На жаль, гісторыя паўтараецца. Толькі цяпер у Беларусі. Калі краінай кіруе рэжым Лукашэнкі, то студэнты, як самая актыўная частка грамадства, цярпяць рэпрэсіі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сотні студэнтаў адлічаныя з палітычных матываў, дзясяткі – за кратамі.

«Пры тым кейсы розныя. Тo бок пачынаючы з таго, што студэнт быў падпісаны на экстрэмісцкі рэсурс і скончваючы ўдзелам у пратэстах трохгадовай даўнасці», – распавяла сакратарка знешніх сувязяў Задзіночання беларускіх студэнтаў Лізавета Даўгулевіч.

Падчас пратэстаў 2020 года студэнты актыўна праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. БДУ, БНТУ, эканамічны і лінгвістычны ўніверсітэты. Студэнты выходзілі на маршы і мітынгі, далучаліся да страйкаў. Аднак калі фактычна рэжым змог задушыць студэнцкі супраціў – прымусіць моладзь адмовіцца ад праяваў свабоды яны не змогуць, мяркуюць эксперты.

«Усе гэтыя недасілавікі, “кдбісты”, кіраўнікі гэтак званыя – яны ўсе добра разумеюць, што менавіта моладзь – гэта тыя, хто можа нанесці асноўны ўдар па рэжыму Лукашэнкі. І яны нічога не могуць даць моладзі, каб прымусіць пайсці за імі», – патлумачыў прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.

Вынік рэпрэсіяў – скарачэнне колькасці студэнтаў у Беларусі. Гэтак, калі ў 2018/2019 гадах у ВНУ вучыліся больш за 268 тысяч студэнтаў, то ў 2021/2022-м – ужо 243 тысячы, а ў 2022/2023-м – амаль 239 тысячаў. Студэнты масава з’язджаюць за мяжу. Толькі ў польскіх ВНУ ў 2022/2023 годзе вучыліся 12 тысяч беларусаў. І тэмпы студэнцкай эміграцыі будуць толькі павялічвацца, зазначаюць эксперты.

Студэнты і выкладчыкі БДУ падпісалі петыцыю і выйшлі на праспект Незалежнасці. Менск. 19 жніўня, 2020 г. Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Гэта звязана з палітыкаю рэжыму ў галіне адукацыі. Зусім нядаўна былі прынятыя рашэнні…. Ну, вось што тычыцца прымусовага размеркавання. Канешне, усё гэта будзе падштурхваць моладзь атрымліваць адукацыю за мяжою», – мяркуе дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова.

Тыя ж студэнты, што працягваюць вучыцца ў Беларусі, усё часцей сутыкаюцца з кантролем рэжыму.

«Калі гэта не затрыманні, зараз за студэнцкай супольнасцю агрэсіўна сочаць. То бок правяраюць падпіскі ў тэлеграме, сочаць за сацсеткамі. Гэта парушэнне права на недатыкальнасць прыватнага жыцця», – адзначыла Лізавета Даўгулевіч.

Цяпер жа сілавікі пачалі кантраляваць сітуацыю не толькі ва ўніверсітэтах – прыходзяць нават у студэнцкія інтэрнаты. Маўляў, правяраюць, ці не захоўвае хто наркотыкаў. Паводле Мацвея Купрэйчыка, у Беларусі ўжо даўно склалася практыка гэтак званых адпрацовак у месцах, дзе, на думку сілавікоў, адбываецца шмат злачынстваў:

«Яны тым самым проста даюць распараджэнне на правядзенне адпрацоўкі, што не з’яўляецца працэсуальным дакументам, адпраўляюць сваіх супрацоўнікаў на правядзенне вобшукаў у тым ліку. Падчас якіх гэтак званыя сілавікі “лазяць” па тэлефонах, правяраюць маёмасць, па сумках лазяць. Гэта ўсё незаконна».

Таму, каб максімальна абараніць сябе, нагадвае прадстаўнік «BELPOL», варта памятаць пра гэтак званую лічбавую гігіену. Прынамсі, выкарыстоўваць VPN-сэрвісы пры карыстанні інтэрнэтам ды не прывязваць акаўнтаў у сацыяльных сетках да ўласнага тэлефоннага нумару.

Ірына Юрʼева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама