«Спецыяльнае вядзенне» рэжыму Лукашэнкі: на 5 фігурантаў справы «Чорнай кнігі Беларусі» прысудзілі 60 гадоў

Завочны суд, рэальны вырак. 60 гадоў калоніі на 5 фігурантаў справы «Чорнай кнігі Беларусі» ад суддзі Наталлі Бугук. Па 12 гадоў кожнаму.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Бо гэта – выклік сістэме, тое, што рабіла “Чорная кніга Беларусі”. Па сутнасці, дэананімізацыя сілавікоў, усіх тых, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях», – адзначае юрыст і праваабаронца Раман Кісляк.

Замест таго, каб пакараць садыстаў у пагонах, рэжым судзіў Яніну Сазановіч, Дзмітрыя Навошу, Данііла Багдановіча, Валерыю Занямонскую і Вольгу Высоцкую. Адміністратараў тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі» вінавацілі ў распальванні варожасці ды раскрыцці асабістых звестак сілавікоў.

«Мая пазіцыя наконт гэтага прысуду і ўсяго, што з ім звязана, што я не павінная нешта рабіць, таму што гэты прысуд неправамерны», – каментуе вырак адна з фігурантак справы Яніна Сазановіч.

Такую форму пераследу, як завочныя суды, рэжым вынайшаў для палітычных апанентаў, якія жывуць у эміграцыі. Стаць жа патэнцыйным фігурантам падобных справаў можа кожны, каго самаабвешчаныя ўлады лічаць «экстрэмістам», або той, хто нібыта шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Адпаведныя змены ў Крымінальны кодэкс Лукашэнка ўнёс летась у ліпені.

Завочныя судовыя працэсы ў міжнароднай практыцы выкарыстоўваюцца, кажа юрыст Раман Кісляк, але пры гэтым падсуднаму даюць права азнаёміцца з матэрыяламі, кантактаваць з адвакатам або ўдзельнічаць у паседжанні он-лайн. «Спецыяльнае вядзенне» рэжыму Лукашэнкі, відавочна, такога не прадугледжвае:

«Баюся, нічога агульнага з правасуддзем гэта не мае. Я б характарызаваў, юрыдычна гэта называецца “адмова ў правасуддзі”».

Гэтак, Вольга Высоцкая, адна з завочна асуджаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі», апавяла, як спрабавала скантактавацца з адвакатам, якога ёй прызначылі ў судзе:

«Спачатку ён проста сказаў, што не можа мяне ідэнтыфікаваць, я дазванілася яму ў “Вайбэры”, прапанавала паказаць пашпарт, ён адмовіў, не захацеў гэтага рабіць. Я спытала, якую пазіцыю ён будзе прадстаўляць, калі не ведае пазіцыю падабароннай. Ён сказаў ператэлефанаваць яму – і ў наступныя разы проста заблакаваў мяне ў “Вайбэры”».

Прысуд Вольга збіраецца абскарджваць, у тым ліку ў Камітэце правоў чалавека ААН. І вось чаму:

«Калі здзяйсняюцца парушэнні правоў і калі здзяйсняюцца злачынствы, іх трэба дакументаваць і пра іх трэба заяўляць. Менавіта дзеля гэтага я і намагалася скантактавацца з адвакатам, намагалася скантактавацца з судом, са Следчым камітэтам, пракуратурай. Я гэта рабіла, каб прадэманстраваць, што сапраўды правы парушаюцца, сапраўды злачынствы здзяйсняюцца».

У тым жа Менскім гарадскім судзе адбываецца яшчэ адзін завочны працэс, у справе Каардынацыйнай рады. Судзяць таксама пяць асобаў.

Апрача прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі, судзяць Святлану Ціханоўскую, былую кіраўніцу яе штабу Марыю Мароз, кіраўніка страйкаму Менскага трактарнага заводу Сяргея Дылеўскага і сябру прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову.

Вярхоўны камісар у замежных справах і палітыцы бяспекі Еўразвязу Жузэп Бурэль назваў справу сфабрыкаванай, паабяцаўшы, што Брусель і надалей будзе падтрымліваць усіх, хто імкнецца да незалежнай, дэмакратычнай Беларусі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама