Лукашэнка: хочаш вярнуцца – стань «ябацькам»

Выйсці з-за кратаў ці вярнуцца з палітычнай эміграцыі могуць асобы, якія не толькі раскаяліся на словах, але гатовыя, па словах Лукашэнкі, «стаць яшчэ большымі ябацькамі чым тыя, што яго атачаюць». Кіраўнік рэжыму ініцыяваў стварэнне камісіі, якая будзе чакаць заявак на вяртанне і вырашаць, хто «раскаяўся» і можа стаць служкаю сістэмы. Рэшта – застануцца «ворагамі» лукашэнкаўскай Беларусі. І ўсё б нічога, але на чале камісіі стане генпракурор.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вільня – горад, што прытуліў былога актора Рэспубліканскага драмтэатру Іллю Ясінскага, якога ў 20-ым годзе затрымлівалі і збівалі. Ілля нелегальна збег у Літву ад крымінальнага пераследу. Наладзіў там бізнес з гістарычнаю нотаю – карчму ў доме, дзе збіраўся з паўстанцамі Кастусь Каліноўскі. Дараваць беларускаму рэжыму здзекі і зняволенне – ён не можа.

«Да гэтай пары людзі ў цяжкім стане знаходзяцца. Што мы мусім з гэтым зрабіць? Ёсць прапановы, тварыў міністр ці хто там? Ёсць прапановы, што рабіць з сем’ямі (рэпрэсаваных – дап. Рэд), рабіць з паламанымі лёсамі?», – пытаецца Ілля Ясінскі.

У Беларусі сёння прынамсі 1437 чалавек (паводле праваабарончага цэнтру «Вясна») і 1704 асобы (паводле статыстыкі dissidentby) адбываюць пакаранне ў выніку прысудаў, матываваных палітычна. Той, хто загадаў судзіць і трымаць за кратамі ў нялюдскіх умовах, прапанаваў угоду і зняволеным, і палітэмігрантам, якія захацелі б вярнуцца дамоў.

«Не закрывацца, а зрабіць крок насустрач. Але толькі тым, хто вернецца з месцаў не столь аддаленых ці з-за мяжы і будуць, як у нас прынята казаць, “ябацькамі” яшчэ большымі, чым сёння нас атачаюць», – заявіў кіраўнік рэжыму.

Лукашэнка лічыць раскаянне і служэнне ягонаму рэжыму – адэкватнаю цаной за магчымасць апынуцца дома. Паўстане міжведамасная камісія з прадстаўнікоў грамадскасці, дэпутатаў, дзяржслужбоўцаў, якія будуць дыстанцыйна разглядаць справу кожнага, хто папросіцца ў Беларусь. Узначаліць камісію генеральны пракурор Андрэй Швед.

«Тое, што ачольвае гэтую ініцыятыву персанальна Швед, які зʼяўляецца адным з самых вядомых карнікаў рэжыму і які даўно ўжо праводзіць лінію “нам не да законаў”, паказвае, што нічога добрага з тымі людзьмі, якія павераць сёння незаконнай уладзе і вернуцца ў Беларусь, не будзе», – лічыць Вячаслаў Сіўчык з Руху салідарнасці «Разам».

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч канкрэтызуе: палітычны ўцякач можа трапіць у пастку, бо яго запэўняць, што на сёння няма заведзеных супраць яго справаў і няма пытанняў, якія прадугледжваюць яўку ў міліцыю.

«На сёння пытанняў такіх можа і не быць. Крымінальныя справы могуць не быць заведзеныя. Але недзе ляжаць тэчкі, якія ў патрэбны момант усплывуць. І сілавікі, гледзячы ў вочы чарговаму затрыманаму палітвязню (сумленна з іх пункту гледжання) скажуць: “Прабач, на момант твайго вяртання фармальна справы не было”», – разважае палітык.

Так адбылося з адміністратаркаю пратэставых чатаў «97 адсоткаў» Тацянаю Курылінай. Жанчына паехала ў Беларусь паводле праграмы спецслужбаў «Дарога дадому», якая гарантавала вяртанне без наступстваў. Літаральна цяпер спадарыню Таццяну судзяць у Гомлі паводле 12-ці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Апроч трымання тых, хто вернецца, на кручку і ўдзячнага матэрыялу для прапаганды рэжым спрабуе праз такую кампанію аслабіць ціск санкцыяў, лічыць Губарэвіч.

«Пайсці на вызваленне ўжо існуючых палітвязняў Лукашэнка сёння не можа. Ён не здолеў гэтага зрабіць пад час абвешчанай амністыі, бо выдатна разумее, што гэта разбалансуе ягоную рэпрэсіўную сістэму. Сілавікі адчуюць, што іхныя дзеянні ўжо не зʼяўляюцца такімі ўжо беспакаральнымі, як яны адчуваюць на сённяшні момант», – канстатуе лідар Руху «За свабоду».

На нардзе па грамадска-палітычнай абстаноўцы і стану злачыннасці ў Беларусі Лукашэнка пацвердзіў сваю ўдзячнасць:

«Сілавыя падраздзяленні не адступілі, не аступіліся і па вялікім рахунку не праваліліся. Канешне, я сёння ўлічваю іхнае меркаванне».

Рэпрэсаваныя гэтымі людзьмі беларусы высоўваюць свае нязменныя ўмовы, пры якіх вернуцца ў Беларусь і будуць пачувацца там бяспечна:

«Тры ўмовы, якія ўсім добра вядомыя: вызваленне палітвязняў, асуджэнне і суды над злачынцамі, якія збівалі і катавалі мой народ. І трэцяе – новыя, свабодныя, законныя выбары», – нагадвае Ілля Ясінскі.

Але спачатку рэжыму трэба б было ўсвядоміць і раскаяцца.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама