Прыгожын і Уткін пачуваюцца гаспадарамі Беларусі

У сераду на расейскіх прапагандысцкіх рэсурсах з’явілася відэа, дзе мала што бачна, але добра чуваць, як перад групаю мужчын выступаюць людзі, прадстаўленыя як Яўгеній Прыгожын і Дзмітрый Уткін, заснавальнікі Групы Вагнэра. Яны вітаюць сваіх баевікоў на беларускай зямлі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тое, што цяпер адбываецца на фронце, – гэта ганьба, у якой нам не трэба ўдзельнічаць, і трэба дачакацца моманту, калі мы зможам праявіць сабе па поўнай праграме. Мы будзем знаходзіцца тут, у Беларусі, нейкі час. І за гэты час вагнэраўцы мусяць зрабіць беларускую армію другой у свеце», – крычыць Яўгеній Прыгожын.

Прыгожын кажа вагнэраўцам, што дзяўчаты ў навакольных вёсках нібыта глядзяць на іх з жарсцю, і заклікае «не пакрыўдзіць беларускіх дзяўчат». Падобна, гаворка пра ваколіцы Асіповічаў, куды ўдзельнікаў нелегальнага ўзброенага фармавання запрасіў Аляксандр Лукашэнка.

«Наперадзе ў нас новы этап, гэта толькі пачатак самай вялікай працы ў свеце, якая будзе праведзеная вельмі хутка. Ну і Welcome to hell!» – вітае баевікоў Дзмітрый «Вагнэр» Уткін, падпалкоўнік спецназу ГРУ РФ, камандзір Групы Вагнэра.

Гэта практычна першае зʼяўленне на відэа Дзмітрыя Уткіна, камандзіра прыватнай арміі Пуціна, названай «ЧВК Вагнэр». Пасля сустрэчы з баевікамі на відэа Уткін і Прыгожын кудысьці сыходзяць. Колькі цяпер вагнэраўцаў у Беларусі – невядома, маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» кажа пра 2000-2500 баевікоў і прыкладна паўтысячы адзінак тэхнікі.

«Яны выходзяць з акупаваных украінскіх тэрыторыяў ужо абяззброенымі, і гэта частка афіцыйнай палітыкі Мінабароны і расейскіх сілавікоў», – пракаментаваў «Белсату» сітуацыю Андрэй Юсаў, прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны.

Нашыя суседзі не ўспрымаюць прыезд вагнэраўцаў у Беларусь як падрыхтоўку да прарыву Сувальскага калідору ваенным шляхам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ПВК Вагнэра. Крыніца: slovoidilo.ua

«Мы прымем дадатковыя захады бяспекі, калі пабачым, што зʼяўляюцца яшчэ фактары або калі колькасць баевікоў у Беларусі працягне расці. Так што гэта, несумненна, рассаднік небяспекі», – заявіў у сераду прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Гэтае перасоўванне наймітаў не ўяўляе яўнай і непасрэднай рызыкі для бяспекі Латвіі. Тым не менш мы не можам выключаць сцэнароў нейкай гібрыднай вайны, у тым ліку міграцыі як зброі Лукашэнкі», – падкрэсліў, наведваючы Вільню, Эдгар Рынкевіч, прэзідэнт Латвіі.

Лагер у вёсцы Цэль пад Асіповічамі разлічаны на 8 тысячаў месцаў. У ім цяпер жывуць і беларускія вайскоўцы, у тым ліку з тэрытарыяльнай абароны, якіх вагнэраўцы вучаць ваяваць.

«Найміты Вагнэра маюць сваю рэпутацыю не толькі ва Украіне, а ва ўсёй Еўропе і па ўсім свеце. Гэта банда разбойнікаў, і калі яны атрымалі нейкія правы ў Беларусі, то гэта вельмі кепска характарызуе дыктатуру Лукашэнкі, а таксама гэта небяспека для ўсёй Еўропы, перадусім для памежных з Беларуссю краінаў», – пракаментаваў «Белсату» еўрадэпутат ад Польшчы Косма Златоўскі.

Як мяркуе эксперт Сяргей Мігдаль, Прыгожын і Лукашэнка не абмяжуюцца трэнаваннем салдат, а будуць разам круціць розныя хітрыя камбінацыі, у тым ліку зарабляць грошы ў Афрыцы.

«Усім гэтым дырыжыруе Аляксандр Лукашэнка, вядомы сваёй хітрасцю. Цяпер у яго ў гасцях Прыгожын са сваімі абрэкамі. А можна ўзгадаць, што некалькі гадоў таму да яго прыязджаў і ў Белавежскай пушчы шыкоўна жыў Барыс Абрамавіч Беразоўскі, які ўжо тады быў адкрытым ворагам расейскага рэжыму і Уладзіміра Пуціна», – нагадвае Сяргей Мігдаль, ізраільскі эксперт у пытаннях бяспекі.

Але сяброўства Лукашэнкі не стала гарантыяй бяспекі для Беразоўскага. Апальнага алігарха знайшлі загінулым пры падазроных абставінах у ягоным лонданскім доме. Гэтак і Прыгожын пасля спробы перавароту стаў для Пуціна зусім не сябрам, бо паказаў ягоную слабасць.

«Гэта разборкі ўнутры ўлады. І поўны разгром там цяжка дапусціць, бо гэта барацьба між сваімі. Тым горш гэта для рэжыму на перспектыву, бо ўвесь свет пабачыў, што гаворка не ідзе пра аднаасобную палітычную дыктатуру. Гаворка пра карпаратыўныя інтарэсы – не ў палітычнай плашчыні, а ў бізнесовай, камерцыйнай, прагматычнай», – заявіў «Белсату» прадстаўнік ГУР МО Украіны Андрэй Юсаў.

Для Беларусі прыезд вагнэраўцаў гэта не толькі ваенныя рызыкі і палітычныя страты. Дагэтуль невядома, хто будзе забяспечваць іх на нашай зямлі, а ўтрыманне такой колькасці баевікоў можа каштаваць прыкладна $ 8 млн на месяц. Таксама сёння стала вядома, што шматкіламетровая чарга на расейска-беларускай мяжы ў панядзелак зʼявілася менавіта праз прыезд калоны Групы Вагнэра.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама