Пуцін прыляцеў у Менск на перамовы з Лукашэнкам

Каб заканспіраваць месцазнаходжанне Пуціна, у паветра паднімалі адразу некалькі ўрадавых бартоў Расеі. Пазней з‘явілася інфармацыя, што расейскі дыктатар прыляцеў на самалёце ІЛ-96 з рэгістрацыйным нумарам RA-96022. Для яго суправаджэння з аэрапорту ў Баранавічах быў узняты знішчальнік. На першых кадрах бачна, як Пуцін дэманстратыўна бадзёра спускаецца трапам свайго самалёта, адломлівае кавалак каравая і мачае мякаць у соль. Правая рука расейскага дыктатара аказваецца занятая букетам кветак. Таму рукапаціскання паміж Пуціным і Лукашэнкам, які яго сустракае, не адбываецца. Замест гэтага – проста абдымкі. А вось Колю Лукашэнку Пуцін руку цісне. І кветкі аддае Наталлі Эйсмант. У Генеральным штабе Украіны расказалі, чаго Кіеў чакае ад гэтай сустрэчы.

«На наш погляд, падчас гэтай сустрэчы будуць адпрацоўвацца пытанні далейшай агрэсіі супраць Украіны і шырэйшага прыцягнення Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь да аперацыі супраць Украіны, у тым ліку, на нашую думку, і на сушы», – заявіў камандуючы Аб’яднанымі сіламі ЗСУ, генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.

У сваю чаргу, народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка падзяляе асцярогі Генштабу ЗСУ, але пры гэтым больш схіляецца да таго, што візіт Пуціна ў Менск і падпісаныя там пагадненні накіраваныя на тое, каб адцягнуць украінскія войскі з усходняга кірунку. Пры гэтым народны дэпутат дапускае, што расейскі дыктатар прыляцеў, каб юрыдычна акупаваць Беларусь:

«Магчыма, ідзе падрыхтоўка да нейкіх фармальных актаў. Нагадаю, што праз дзесяць дзён стагоддзе з дня заснавання Савецкага саюзу. Пуцін вельмі любіць такія даты. І ўжо там неяк фармальна праглынуць Беларусь на такую дату гэта ў стылі Пуціна. Таму гэта таксама магчыма».

Перад візітам Пуціна ў Менск на прасторах інтэрнэту сустракаліся развагі, што Украіна можа развязаць сусветную праблему, ударыўшы па Пуціне ў Менску. Гэтыя гіпотэзы падмацоўваліся наступным фактам: у свой час ЗСУ спрабавалі зліквідаваць начальніка Генштабу Расеі Валерыя Герасімава, калі той наведваў украінскі Ізюм. Тады, нагадаем, былі знішчаныя дзясяткі расейскіх афіцэраў, але Герасімаў змог пакінуць горад. Генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун распавёў нашаму тэлеканалу, што на цяперашні момант ва Украіны няма магчымасці зліквідаваць Пуціна ў Менску. Таксама наш спікер заявіў, што наўрад ці пасля гэтай сустрэчы Беларусь будзе юрыдычна акупаваная Расеяй:

«Намінальна Расеі гэта вельмі нявыгадна. Чаму? Бо гэта яшчэ адзін голас у ААН, гэта яшчэ адзін голас у нейкіх міжнародных арганізацыях. І гэта рэальна не тое, што патрэбна. Для карцінкі так, яны могуць там нешта стварыць. Яны і так стварылі гэты фэйкавы саюз. Яны могуць аб‘яднаць войскі, абʼяднаць валюты, яшчэ там нешта такое. Але нейкія намінальныя рэчы, завязаныя з дзяржаўнасцю, будуць пакінутыя».

Візітам Пуціна ў Менск вельмі занепакоеныя ў Нямеччыне. Эксперты па ўсім свеце на працягу апошніх дзевяці месяцаў гавораць, што Лукашэнка робіць усё магчымае, каб беларускае войска не ўступіла ў вайну супраць Украіны. Ці гатовы дэмакратычныя сілы Беларусі зрабіць першы крок насустрач Лукашэнку і дапамагчы яму адбіцца ад Пуціна?

«Тое, што ён зараз разыгрывае гэты спектакль, гэтае шоу, што вось ён – ахвяра, дапамажыце Лукашэнку ўратавацца ад Пуціна – гэта фэйк, фікцыя. Лукашэнка і Пуцін граюць дзве партыі аднаго перформансу. Яны дамовіліся на такія дзеянні. Пуцін грае цара, а Лукашэнка грае непаслухмянага губернатара. Але не трэба яго нікуды ратаваць. Тоне Расея са сваімі паразамі ва Украіне, за ёй няхай тоне і Лукашэнка. Не трэба зараз дапамагаць Лукашэнку ратаваць сваю задніцу».

Афіцыйна перамовы паміж двума дыктатарамі ды іхнымі міністрамі пачаліся каля пятай гадзіны менскага часу. Колькі яны працягнуцца – пакуль невядома. А ў цэнтры Менску з’явіліся лістоўкі супраць вайны ва Украіне. Людзей заклікалі выйсці на плошчу Незалежнасці а 19-й гадзіне вечара.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама