Непагадзь: на Гарадзеншчыне загінула жанчына

Адзін чалавек загінуў. Дзясяткі дамоў па ўсёй краіне застаюцца без электрычнасці. Беззваротна знішчаныя аўты. Гэткі вынік непагадзі, якая абрынулася на Беларусь. Што ж рабіць, калі вашая маёмасць, напрыклад, аўтамабіль, пацярпела?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ратаўнікі расчышчаюць дарогі, высякаюць дрэвы і аднаўляюць электралініі. Такая карціна – у шмат якіх рэгіёнах краіны.

Сталічныя вуліцы ў мікрараёне Зялёны Луг напярэдадні пераўтварыліся ў рэкі. На Лагойскім тракце з-за паводкі цалкам спыніўся рух трамваяў. Аўтамабілі ледзь спраўляліся з воднымі перашкодамі. Што ж рабіць, калі вашае аўта сталася ахвяраю вялікай вады?

«Ад вады ёсць 2 віды пашкоджанняў. Механічнае – гэта калі вада трапляе ў салон, і пачынае ўсё зарастаць грыбком і гніць. Плюс вада пападае ў рухавік і ён пачынае іржавець. І другі момант – гэта калі вада трапляе ў электрыку. Электрыка пачынае проста закіпаць», – тлумачыць аўтамеханік Сяргей.

Каб сістэма электрычнасці была максімальна непашкоджаная пасля затаплення, аўтамабіль трэба абясточыць. У гэтым выпадку рамонт будзе нашмат таннейшы.

«Кожная машына мае вось такія фішкі: “таты-мамы”, якія злучаюцца. Калі ў іх трапляе вада, і яны былі пад токам, яны пачынаюць зелянець і згараць. Калі вы адключылі акумулятар, вам трэба проста высушыць – і ўсё. Калі машына была пад токам, і патрапіла вада, тады гэта ўсё таксама падлягае замене», – кажа аўтамеханік Сяргей.

Пацярпелі аўтамабілі падчас учорашняй стыхіі і ад паваленых дрэваў. Калі дрэва ці яго фрагмент упаў і пашкодзіў крыло альбо капот – не бяда, але бываюць і больш складаныя выпадкі.

«Вялікае дрэва вось такога памеру, таполя які-небудзь падае роўненька на сярэдзіну нашай машыны і па кабіне, гне машыну напалову, то гэтая машына 100 % падлягае ўтылізацыі. Гэта значыць, калі ёсць магчымасць, прадайце яе на запчасткі. Рухавік, колы – што там засталося цэлае, – прадавайце! Рамантаваць яе сэнсу ўвогуле няма», – кажа Сяргей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы моцнага ветру ў Беларусі. Фота: МНС

Каб вярнуць грошы за пашкоджаны ад паваленага дрэва аўтамабіль, вы мусіце мець адмысловую страхоўку. Звычайнага страхавання маёмасці недастаткова. Пасля інцыдэнту аўта трэба пакінуць у тым стане, у якім яно было ў момант падзення. Сфатаграфуйце яго з розных ракурсаў, а таксама запішыце кантакты сведкаў.

«Калі ж гэта стыхійнае бедства, напрыклад, бура, і дрэвы моцныя, здаровыя вырывае з коранем, – то тут вас для атрымання кампенсацыі можа выратаваць толькі АўтаКАСКА», – кажа праваабаронца Павел Левінаў.

Але ёсць выпадкі, калі можна спрабаваць спагнаць кампенсацыю за пашкоджаную машыну ад камунальных службаў.

«Нядобрае дарожнае пакрыццё або калі старое дрэва, якое не павінна было ўжо расці, звалілася на ваш аўтамабіль, тут відавочны выпадак абароны мае рацыю спажыўца. І тут можна звярнуцца ў суд», – сцвярджае Павел Левінаў.

Зрабіць гэта дапамогуць прадстаўнікі Таварыства абароны правоў спажыўцоў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама