Ці выканаюць улады абяцанне наконт таннейшых квадратных метраў жытла

Жытло ў новабудоўлях значна патаннее да канца года, абяцаюць улады. Але таннейшымі стануць не ўсе квадратныя метры, а толькі тыя, што будуюцца пры дзяржаўным падтрыманні. Заяву віцэ-прэм’ера Беларусі Анатоля Сівака апублікавала прэс-служба Ўраду.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі кошт квадратнага метра роўны сярэдняму заробку, то каэфіцыент – адзінка. У гэтым выпадку ў нас будзе дзесьці 0,8. То бок на 20 % менш за кошт квадратнага метра жытла, чым сярэднемесячны заробак», – сказаў Анатоль Сівак.

Права на ільготныя крэдыты і субсідыі маюць некалькі катэгорыяў беларусаў, найбольш масавыя – гэта шматдзетныя семʼі і семʼі сілавікоў, вайскоўцаў, судовых працаўнікоў.

Плануецца, што кошт квадратнага метра для жытла з дзяржаўным падтрыманнем знізяць з дапамогаю рэгулявання коштаў будаўнічых матэрыялаў, а таксама праз жорсткі кантроль нацэнак і рэнтабельнасці. Але ў канцы года заробкі звычайна падрастаюць за кошт гадавых прэміяў ды іншых выплатаў, нагадвае экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.

«Цалкам магчыма з улікам рэгулявання, кантролю за цэнамі, а з іншага боку – ростам заробкаў у намінальным выражэнні, то цалкам магчыма, што акурат выйдуць на гэты каэфіцыент 0,8», – кажа экспертка.

Такія суадносіны квадратнага метра і сярэдняга заробку былі і ў выніку мінулага года, адзначае Настасся Лузгіна. А ў першым квартале гэтага года складалі 0,76.

Жорсткі кантроль над нацэнкай і рэнтабельнасцю не зменіць сітуацыі ў галіне да лепшага, кажа блогер Аляксандр Кныровіч, які мае дачыненне да будаўнічага бізнесу. Большасць будаўнічых кампаніяў і да новаўвядзення працавала ўжо без прыбытку.

«Трэба памятаць пра тое, што ў будаўніцтве дзеіць ужо чатыры месяцы пастанова № 69, якая зарэзала ўсіх, каго магла зарэзаць, там даўно няма ніякай рэнтабельнасці, пераважная большасць кампаніяў працуе або каля нуля, або ў мінус», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Цяпер жа вытворцаў будаўнічых матэрыялаў змусяць узгадняць любое падвышэнне коштаў, як мінімум гэта ўскладняе і запавольвае вытворчы працэс. Калі гэта і не прывядзе да банкруцтва кампаніяў, то прынамсі пагоршыць іх фінансавыя паказнікі, мяркуюць адмыслоўцы. Праблемамі пагражае новаўвядзенне і тым, хто імпартуе тавары з-за мяжы: надбаўка да кошту мае рэгулявацца незалежна ад колькасці пасярэднікаў пры набыванні.

«Гэта таксама ўскладняе працэс, змушае імпарцёраў, магчыма, шукаць больш танныя тавары, магчыма, горшай якасці. А ў нас і так да гэтага былі праблемы на будаўнічым рынку, гэта звязана з тым, што ўскладнілася лагістыка», – кажа Настасся Лузгіна.

Паводле Міністэрства архітэктуры, з дзяржаўным падтрыманнем у Беларусі будуецца каля траціны ўсяго жытла. Чым большая доля такога будаўніцтва ў параўнанні з рынкавым, тым большая нагрузка на бюджэт, падкрэслівае Настасся Лузгіна. Асабліва калі будаўнічы сектар працуе ва ўмовах жорсткага рэгулявання.

«Я не кажу, што на рынку не мае быць ніякага рэгулявання, але рэгуляванне мае быць мяккім. 1434 А калі мы кажам пра ледзь не ручное кіраванне, а атрыманне дазволу на падвышэнне коштаў з боку выканкамаў, гэта можна сказаць ручное кіраванне, то пра нармальную працу рынка казаць ужо не даводзіцца», – лічыць экспертка.

Аляксандр Кныровіч мяркуе, што для выпраўлення сітуацыі ў галіне будоўлі жытла трэба ўсяго толькі стварыць умовы для іпатэкі. Цяперашнія прапановы ў Беларусі – крэдыты са стаўкай ад 10-ці да 20-ці адсоткаў гадавых. Яе памер вызначае банк у выніку разгляду заяўкі.

«Калі б мы мелі макраэканамічную стабільнасць і іпатэчныя крэдыты па 5-6 адсоткаў гадавых, то больш нічога не было б патрэбна рабіць. Рынак бы сам усё адрэгуляваў і нас была б цудоўная працоўная сучасная будаўнічая галіна», – перакананы Аляксандр Кныровіч.

Калі ж вярнуцца да сённяшніх рэаліяў, то адмыслоўцы падкрэсліваюць: важна не толькі тое, што да канца года кошты зменшацца, а і тое, што з гэтымі коштамі будзе адбывацца далей, ці застануцца яны меншымі за сярэдні заробак.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама