Лес сякуць – санкцыі абыходзяць

Сенсацыя! Новыя лідары на сусветным рынку экспарту драўніны. Сёлета з чэрвеня экспарт драўніны з Казахстану ў Еўразвяз вырас ў 74 разы, з Кыргызстану – амаль у 18 тысячаў разоў! І гэта пры тым, што тэрыторыя адной краіны ўсяго на пяць адсоткаў пакрытая дрэвамі, а другой – амаль на 6 адсоткаў. Дык што за цуд?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З чэрвеня гэтага года беларускую прадукцыю з драўніны нельга пастаўляць у Еўразвяз. Забароненыя пастаўкі. Таму што робяць кампаніі? Яны шукаюць кампаніі з Кыргызстану, якія выдадуць на беларускую прадукцыю кіргізскія або казахскія дакументы – і такім чынам праходзяць мытню», – распавядае расследавальнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Алесь Ярашэвіч.

Што праўда, не абыходзіцца тут і без кур’ёзаў, кажа расследавальнік Алесь Ярашэвіч.

«Напрыклад, літоўская мытня нам паведамляла, што былі такія выпадкі: вось едзе фура, а на руках у кіроўцы – дакументы, што быццам бы груз з Кыргызстану. Яны пачынаюць правяраць гэтую фуру, а там на гэтых бэгах вялізных, у якіх ляжаць пэлеты, проста беларуская маркіроўка. Або, напрыклад, у кіроўцы камплект дакументаў беларускіх на руках. Тады яны разварочваюць гэтую фуру назад».

Калі ж няма беларускага маркавання і пакет дакументаў фармальна адпавядае казахскаму ці кіргізскаму паходжанню драўніны, то літоўскія, латышскія ці польскія памежнікі вымушаныя прапускаць такія грузы далей у ЕЗ. Паводле памежнікаў, карыстаецца такімі прыёмамі ў пастаўках сваёй драўніны і Расея. Каб зламаць гэтыя шэрыя схемы, патрэбная выразная палітычная воля, кажуць яны.

«Мы чакаем першага студзеня, калі пачне працу спецпасланнік Еўразвязу па санкцыях, і для яго гэта будзе першая задача – якім чынам зрабіць санкцыі больш эфектыўнымі. Магчыма, неабходна ўтварыць таксама маніторынгавую групу, якая будзе сістэмна адсочваць, супрацоўнічаць з журналістамі-расследавальнікамі і прымаць нейкія меры, так, як гэта працуе ў ЗША», – распавядае Франак Вячорка.

Расследавальнікі высветлілі, што нібыта цэнтральнаазіяцкую, а насамрэч беларускую, драўніну далей рэалізуюць, як правіла, спецыяльна для гэтага зарэгістраваныя ў ЕЗ юрыдычныя асобы. Сродкі ж ад продажу драўніны яны пералічваюць беларускаму дзяржаўнаму прадпрыемству «Мастоўдрэў». Апекуюцца схемай у тым ліку былыя беларускія чыноўнікі: напрыклад, колішні работнік Дзяржаўнага стандарту Алег Нарчук. Франак Вячорка дадае:

«Варта разгледзіць другасныя санкцыі супраць лукашэнкаўскіх прадпрыемстваў, супраць расейскіх, каб не было трэцім краінам жадання арганізоўваць нейкія лазейкі, схемы абыходу санкцыяў».

Сапраўды, лес рубяць – грошы пілуюць.

Па падліках БРЦ, схемы ўскоснага рээкспарту беларускай драўніны ў Еўразвяз праз Кыргызстан і Казахстан ужо прынеслі сваім арганізатарам каля 16 000 000 еўраў. Хто асноўны бенефіцыяр гэтых грошай у Беларусі – усім зразумела.

А хто ў долі з еўрапейцаў? Беларускія і літоўскія расследавальнікі выйшлі на кандыдатуру літоўскага бізнесоўца, дырэктара фірмы «Вівальса» і палітыка Саўлюса Гірчыса. Ды завіталі на ягоны склад пад выглядам кліентаў.

«І там стаялі, вялізная такая пляцоўка, стаялі вялізныя бігбэгі з пэлетамі. І вось яны хацелі іх набыць і пыталі ў яго пэлеты. Ён паказвае, што вось глядзіце, тут кыргызскія ў мяне пэлеты. Яны пытаюць: “Дык сапраўды кыргызскія?” Ён кажа: “Ды не, гэта не кыргызскія, а пэлеты прывезеныя з Беларусі. Проста на іх робяць кыргызскія дакументы, каб абыходзіць санкцыі”», – кажа Алесь Ярашэвіч.

Што праўда, сацыял-дэмакратычная партыя Літвы ўжо афіцыйна паведаміла расследавальнікам, што Гірчыса выключаць з партыі, таксама ініцыююць правяранне. Паводле Паўла Латушкі:

«Гэта тая палітыка, якую выкарыстоўвае рэжым Лукашэнкі ў сувязі з тым, што фактычна ў ЕЗ няма кантролю за выканнем санкцыйнай палітыкі, няма падыходу, які існуе ў ЗША. То бок, другасных санкцый».

Забарона на імпарт беларускага лесу прывяла да дэфіцыту ў некаторых краінах ЕЗ. Складаная сітуацыя, напрыклад, у Літве, Эстоніі ды Польшчы. Аднак эксперты адзначаюць трэнд: еўрапейскія палітыкі ўсё больш гатовыя да эканамічных выпрабаванняў. Абы не стымуляваць папаўнення гаманцоў агрэсара і суагрэсара.

Пасля падзення сусветных цэнаў на нафту менавіта пастаўкі драўніны пачалі складаць значную частку беларускага экспарту. Паралельна з гэтым у краіне катастрафічна скарачаюцца лясныя плошчы: на адзінаццаць адсоткаў за адзінаццаць апошніх гадоў. Падрабязней з расследаваннем абыходу санкцыяў на экспарт беларускай драўніны вы можаце азнаёміцца на YouTube-канале Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама