«Сочым за сітуацыяй»: міжнародная супольнасць рэагуе на мяцеж у Расеі

Гістарычныя адсылкі да рэвалюцыі 1917 года і абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве – такія тэзісы прагучалі ў звароце Уладзіміра Пуціна з нагоды вайсковага мяцяжу кіраўніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына. Пуцін заклікаў спыніць «удзел у злачынных дзеяннях» і прыгразіў паўстанцам жорсткай расправай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усе, хто свядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў узброены мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных метадаў, панясуць немінучае пакаранне, адкажуць і перад законам, і перад нашым народам. Узброеныя сілы і дзяржаўныя органы атрымалі неабходныя загады», – заявіў Уладзімір Пуцін.

Прыгожын на патрабаванне Пуціна скласці зброю адказаў адмовай. А на абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве – сустрэчнымі прэтэнзіямі наконт карупцыі расейскіх чыноўнікаў і вайсковай няздатнасці Міністэрства абароны краіны.

«З нагоды здрады Радзімы – прэзідэнт глыбока памыляецца – Мы патрыёты сваёй Радзімы. Мы ваявалі і ваюем – усе байцы ПВК Вагнэра. І ніхто не збіраецца на патрабаванне Прэзідэнта, ФСБ ці яшчэ каго-небудзь прыйсці з павіннай», – адрэагаваў на зварот Уладзіміра Пуціна Яўген Прыгожын.

Праз 14 гадзінаў пасля пачатку прыгожынскага мяцяжу прыпыніў маўчанне кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў. Ён адзначыў, што «падтрымлівае кожнае слова са звароту Уладзіміра Пуціна», а дзеянні кіраўніка ПВК Вагнэра разглядае як «гнусную здраду» і «удар нажом у спіну».

«Байцы Мінабароны і Расгвардыі па Чачэнскай Рэспубліцы ўжо выехалі ў зоны напружанасці. Мы зробім усё, каб захаваць адзінства Расеі і абараніць яе дзяржаўнасць. Мяцеж павінен быць задушаны, і калі для гэтага неабходна прыняць жорсткія захады, то мы гатовыя», – адзначыў кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў.

Пуціну падтрымання Кадырава аказалася недастаткова – раніца адзначылася двума тэлефоннымі званкамі да саюзнікаў з АДКБ: Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева. Апошні захаваў нейтралітэт, заявіўшы, што мяцеж Прыгожына – унутраная справа Расеі. Пры гэтым, калі на пачатку 2022 года ў Казахстане адбыліся масавыя пратэсты, Беларусь і Расея адправілі туды свой кантынгент і дапамаглі падавіць патэнцыйную рэвалюцыю.

Пра слабасць і разбурэнне крамлёўскай вертыкалі кажа прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён адзначае, што ўсе камандуючыя і вайскоўцы ЗСУ цяпер у стане гатовасці, а Украіна гатовая «абараніць Еўропу ад расейскага зла». У той жа час, паводле вайсковага аглядальніка Давіда Шарпа, рана казаць пра паралізацыю расейскай арміі ды пра тое, што падзеі ў Расеі адаб’юцца на сітуацыі на фронце.

«Калі пачнецца дэзарганізацыі ў камандаванні і праблемы на ўзроўні каманднага ланцужку: перадачы загадаў, рэалізацыі тых ці іншых планаў – гэта створыць безумоўна праблемы ваюючай групоўцы… Але пакуль аб гэтым рана казаць», – мяркуе вайсковы аглядальнік Давід Шарп.

На вайсковы мяцеж у Расеі адрэагавалі прадстаўнікі шэрагу краінаў Еўразвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША. Яны заявілі, што «сочаць за падзеямі», якія, на іх думку, адносяцца да «унутраных справаў Расейскай Федэрацыі»

«Я падтрымліваю сувязь з саюзнікамі, і з некаторымі з іх пагавару сёння пазней. Але самае галоўнае, што я хацеў бы сказаць, гэта тое, што ўсе бакі павінны несці адказнасць і абараняць грамадзянскіх асоб», – прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак.

У той жа час беларускія дэмакратычныя лідары заклікаюць скарыстацца гістарычнаю магчымасцю і засяродзіцца на вызваленні Беларусі.

Наста Печанькова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама