Баевікі Вагнэра як крыніца хаосу ў Беларусі

Супраць беларусаў праводзяць спланаваную кампанію дэзінфармацыі, паведамляе «Беларускі Гаюн». Маніторынгавы праект бярэ на сябе адказнасць заявіць, што Яўгеній Прыгожын цяпер у Беларусі, але ягонае ўзброенае фармаванне «Група Вагнэра» – яшчэ не. Пры гэтым расейскія найміты, прызвычаеныя да высокіх ганарараў, наўрад ці пяройдуць пад камандаванне Міністэрства абароны Віктара Хрэніна.

Частка «вагнэраўцаў» усё яшчэ знаходзіцца ва Украіне – на акупаванай расейцамі тэрыторыі. Пра гэта паведаміў Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з прэзідэнтамі Польшчы і Літвы ў Кіеве. Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа заявілі, што суседнія з Беларуссю краіны не пакінуць без увагі прыбыццё Прыгожына ў Менск.

«Без сумневу, прыбыццё Прыгожына і часткі ягоных войскаў у Беларусь робіць сітуацыю з бяспекай больш складанай. Сёння яшчэ рана сцвярджаць – і генеральны сакратар NATO пра гэта казаў – рана сцвярджаць, наколькі моцныя падраздзяленні гэта будуць, на што яны будуць скіраваныя, але сама прысутнасць вагнэраўцаў ускладняе ўсю сітуацыю», – заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Самі «вагнэраўцы» цяпер усё больш выходзяць з ценю ў публічную прастору. Найміт беларускага паходжання Аляксей Бярговін з пазыўным «Брэст», які адказвае за трэніроўкі з цяжкім узбраеннем, апублікаваў відэа з тэзісамі так званай «ЧВК»: Беларусь для іх – новы кірунак побач з афрыканскімі краінамі.

«Цяпер Рэспубліка Беларусь мае, можа быць, самае баяздольнае падраздзяленне ў свеце, перад выбарамі, што адбудуцца ў 2024 годзе… Можа так здарыцца, што ў нашай краіне будуць развівацца сур’ёзныя падзеі і трэба быць да гэтага гатовымі», – кажа ў відэазвароце Аляксей Бярговін, удзельнік узброенага фармавання «Група Вагнэра».

Прапановы «вагнэраўцаў» вучыць сілавікоў Лукашэнкі адпавядаюць і ягонаму бачанню супрацы з Яўгенам Прыгожыным.

«Калі іх камандзіры, як мы з табой размаўлялі, прыедуць і дапамогуць нам сваім досведам на перадавой, штурмавыя атрады. Раскажуць нам, што цяпер важна… Каб нам камандзіры, каб сустрэліся з нашымі камандзірамі на палігонах. Распавялі і пра тактыку, і пра ўзбраенні», – казаў Аляксандр Лукашэнка Віктару Хрэніну.

Хаця якраз перад выбарамі 2020-га года тыя самыя камандзіры Лукашэнкі пакавалі «вагнэраўцаў» па турэмных камерах. Тады найміты ляцелі транзітам праз Беларусь, іх прынялі за баевікоў, пасланых Пуціным звяргаць Лукашэнку, а потым адпусцілі.

«Гэта пытанне годнасці, калі Лукашэнка кажа: вось, пацаны нас зараз будуць вучыць. Хто? Крымінальнікі? Вашыя салдаты 20-30 гадоў вучыліся, абаранялі межы, і цяпер што, крымінальнікі іх будуць вучыць?», – звяртаецца да беларускіх вайскоўцаў Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.

Заходнія дзяржавы пакуль не зафіксавалі перамяшчэння ў Беларусь буйных групаў расейскіх наймітаў з «Групы Вагнэра».

«Куды б ні пайшоў «Вагнэр», за ім прыходзяць смерць і разбурэнні. Прыгожын – гэта дэстабілізацыйны агент. Так што рашэнне Аляксандра Лукашэнкі прытуліць Прыгожына ў Беларусі – гэта яшчэ адзін прыклад, наколькі Лукашэнка ставіць інтарэсы Пуціна і Крамля перад інтарэсамі беларускага народу», – заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер.

Віціс Юрконіс нагадвае, што мяцеж Прыгожына зʼявіўся ў тым ліку таму, што «вагнэраўцы» не хацелі падпарадкоўвацца Міністэрству абароны Расеі. Таму наўрад ці «Вагнэр» будзе кіраваны Лукашэнкам.

«Штосьці чужое, непадкантрольнае. І якое ў прынцыпе зʼяўляецца крыніцай пастаяннай турбулентнасці. І калі гэтая турбулентнасць адчуваецца ў Расеі, то ў Беларусі гэта будзе яшчэ больш адчувальна», – дае прагноз Віціс Юрконіс.

Паводле дамовы між Пуціным і Прыгожыным, «Група Вагнэра» мусіць перадаць танкі і цяжкія ўзбраенні Міністэрству абароны Расеі. Але пакуль сведчанняў аб такой перадачы няма.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама