Прызыўнікоў адпраўляюць у вайсковыя часткі

Толькі з гораду Чэрвень, што на Меншчыне, – 29 чалавек. Агулам жа за першы дзень у вайсковыя часткі накіравалі каля тысячы прызыўнікоў. Восеньскаму выкліку ў прызыўныя камісіі, паводле Міністэрства абароны, падлягаюць каля 60-ці тысяч беларусаў. З іх 10 тысяч асобаў адправяць у войскі – на ўкамплектаванне Узброеных сілаў. Яшчэ каля двухсот чалавек накіруюць на службу ў рэзерве.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Да сярэдзіны наступнага года будзем мець у поўным аб’ёме ўсё, што нам неабходна», – так днямі заяўляў Лукашэнка, наведваючы вайскоўцаў на Берасцейшчыне.

Паводле Міністэрства фінансаў, налета выдаткі на сілавы блок у краіне, як і штогод, павялічацца, гэтым разам – на 22 адсоткі. Пры гэтым на армію і абарону краіны плануецца выдаткаваць каля трох з паловаю мільярдаў рублёў, а на сілавікоў – больш за чатыры з паловаю мільярды.

«Лукашэнка падтрымоўвае так званы сілавы блок грашыма, бо гэта адзіная яго апора. Гэта людзі, якія фактычна сваімі рукамі, парушаючы закон, захоўваюць уладу ў яго руках», – кажа прадстаўнік «Belpol» Уладзімір Жыгар.

Сілавікі ў Беларусі маюць вялікі спіс рознага кшталту дапамогі ад дзяржавы. Гэта крэдыт на жыллё пад 3-5 адсоткаў, а не 15-18, як звычайныя грамадзяне. Гэта першае месца ў чарзе на арэндавае жыллё і аплата арэнды жылля. Дзецям сілавікоў – гарантаванае месца ў садку. Працаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў лекуюцца ў адмысловых установах, а таксама штогод атрымоўваюць грашовую дапамогу на аздараўленне. Праз дваццаць гадоў службы сілавікі маюць права на пенсію. Вышэйшую, чым у рэшты беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускае войска. Скрыншот: Белсат

Менавіта з дапамогаю сілавікоў Лукашэнка ўтрымаў пад кантролем сітуацыю ў Беларусі пасля выбараў 2020-га года, з іхнаю дапамогай чыніць тэрор у краіне цяпер. Памяць пра паслявыбарчыя падзеі, на думку палітычнага аглядальніка Юрыя Дракахруста, – першая прычына падвышэння выдаткаў на сілавы блок. Другая прычына – выбары ў парламент, прызначаныя на наступны год:

«Другі момант – гэта фактар выбараў, ён таксама гэта разумее. Выбары як кантэкст для нейкіх гучных нечаканых дзеянняў, і таму трэба мацаваць бяспеку, каб гэта перадухіліць. І трэці момант – гэта вайна».

Паводле чыноўнікаў, структура выдаткаў у бюджэце на наступны год застаецца сацыяльна арыентаванай. Але калі зірнуць на сродкі, закладзеныя ў бюджэце, да прыкладу, на сацыяльную палітыку, то ў параўнанні з 2023-мм годам гэта ўсяго 6,4 адсотка росту, а не 22 – як на сілавікоў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама