Беларускія вайскоўцы атрымалі ад Лукашэнкі бясплатнае жытло

Бязвыплатна, бо так вырашыў Лукашэнка. Прэс-служба Міністэрства абароны пахвалілася перадачай ва ўласнасць арэнднага жытла беларускім вайскоўцам, якія аддалі службе больш за 25 каляндарных гадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я атрымаў двухпакаёвую кватэру. І цяпер гэтая кватэра мая», – кажа адзін з вайскоўцаў з сюжэту тэлеканалу «Воен ТВ».

Сёлета ў лютым Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ «Аб арэндным жытле для вайскоўцаў». Перад гэтым, у студзені 2022 года, падчас сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Анатолем Сіваком, ён казаў:

«Ёсць абсалютны прыярытэт – гэта людзі ў пагонах, таму што яны не могуць зарабіць больш, чым мы ім плацім. І яны не маюць права дзесьці зарабляць на баку. Таму іх трэба ў нейкай ступені падтрымоўваць».

Дакумент дазволіў бясплатна перадаваць вайскоўцам – а да іх прылічылі ўсіх сілавікоў, апрача мытнікаў, – арэнднае жытло пасля 25 гадоў выслугі. Або на платнай аснове, з магчымасцю растэрміноўкі на 15 гадоў – калі адслужыў 20 гадоў. Гэткія пернікі Лукашэнка, як лічыць палітычны аглядальнік і аўтар праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў, вырашыў раздаць сілавікам за асабістую адданасць падчас пратэстаў 2020 года:

«Ён вымушаны больш надаваць матэрыяльнай увагі, хаця па-ранейшаму заробкі невялікія, плюс яны не могуць нікуды выехаць, у іх шмат у жыцці абмежаванняў. Адзінае, што можа ім даць дзяржава, – гэта бясплатныя і паўбясплатныя кватэры. Што таксама, у прынцыпе, было заўсёды».

Будаўніцтва жылых дамоў каля рынку Ждановічы. Менск, Беларусь. 29 чэрвеня 2022 года. Фота: Белсат

Пакуль жа вайскоўцы атрымоўваюць бясплатнае жытло, тэмпы будаўніцтва ў Беларусі пастаянна запавольваюцца. У тым ліку для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.

Гэтак, сёлета за першае паўгоддзе, як паведамляе Белстат, новае будаўніцтва скарацілася амаль на 13 з паловай адсоткаў. І калі ў студзені-чэрвені 2021 года ў краіне пабудавалі амаль 24 тысячы новых кватэраў, то ў 2022 годзе за аналагічны перыяд – амаль 22 тысячы. А ўжо за першае паўгоддзе 2023-га іх з’явілася крыху больш за 19 тысячаў. Як гэта адабʼецца на рынку нерухомасці?

«Гэта таксама адгукнецца і на стаўках крэдытавання, і на стаўках фундзіравання, і гэта ўсё таксама будзе бачна і на коштах, якія давядзецца плаціць за квадратны метр жытла, – мяркуе эканаміст Віталь Алейнік. – Фундуючы перш за ўсё раздачу такога жытла бясплатна людзям, якія захоўваюць дыктатуру».

Нягледзячы на скарачэнне будаўніцтва новага жытла, беларускія сілавікі працягваюць карыстацца льготамі. Гэтак, у красавіку дзяржаўнае тэлебачанне распавяло пра здачу шматпавярховіка ў Сеніцы, што пад Менскам. Дом на рашэнне Лукашэнкі пабудавалі адмыслова для суддзяў, пракурораў і шматдзетных семʼяў.

Віталь Бабін, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама