У Кіеве афіцыйна адкрылася прадстаўніцтва «Белсату»

Прадстаўніцтва «Белсату» ва Украіне працуе з 2018 года, сёння ж яно пераехала ў новы офіс. Колькасць журналістаў тэлеканалу ў Кіеве расце, бо расце і доля ўкраінскага кантэнту ў эфіры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяпер тут працуюць тры паўнавартасныя здымачныя групы, кажа кіраўнік прадстаўніцтва «Белсату» ва Украіне Ілля Суздалеў.

«Да таго ж ёсць карэспандэнты ў рэгіёнах: у Адэсе, ва Ужгарадзе, у Запарожжы і іншых. Плюс калегі, якія супрацоўнічаюць з імі ў залежнасці ад падзеі. Мы асвятляем усе асноўныя падзеі і гэта цікава гледачам “Белсату”, а значыць, і цікава здымачным групам, якія гэта паказваюць».

Паводле намесніка дырэктара «Белсату» Аляксея Дзікавіцкага, вельмі важна несці праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Украіне і быць у гэтым незалежнымі, дзякуючы ўласным карэспандэнтам:

«У чым карысць гэтага прадстаўніцтва? Перш за ўсё, зусім іншы ўзровень. Мы паказваем, што мы рэгіянальнае тэлебачанне цяпер. Што мы маем сур’ёзнае прадстаўніцтва і сур’ёзныя намеры пашыраць сваю прысутнасць ва Украіне. Ужо цяпер маем дзве праграмы, дзе выкарыстоўваецца ўкраінская мова. Думаю, украінская тэматыка будзе пашырацца яшчэ вельмі доўга».

Значнасць менавіта рэгіянальнай інфармацыі падкрэсліла дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка РамашэўскаяГузы. Яна патлумачыла гэта тым, што краіны рэгіёну цесна звязаныя:

«Вельмі шмат залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне, ад гэтага ж залежыць і сітуацыя ў Беларусі і Польшчы таксама. Нашае тэлебачанне павінна служыць жыхарам гэтых краінаў, каб яны пазнаёміліся паміж сабою. Гэтага часта бракуе. Бо часам так бывае, што добра вядома пра падзеі ў ЗША, але няма звестак пра падзеі ў суседняй краіне. І мы б хацелі, каб такая інфармацыя даходзіла».

Першы сакратар Нацыянальнай суполкі журналістаў Украіны Ліна Кушч назвала адкрыццё прадстаўніцтва «Белсату» выбітнай падзеяй для медыярынку Украіны.

«Вельмі важна працаваць з тымі, хто хацеў бы ведаць праўду пра вайны ва Украіне, але не мае мажлівасці глядзець украінскія рэсурсы, чытаць іншамоўныя рэсурсы. Гэтым людзям патрэбная інфармацыя ў даступнай форме і тым спосабам атрымання, да якога яны звыклі».

Сваёй думкаю пра ролю «Белсату» падзяліўся амбасадар Польшчы ва Украіне Барташ Ціхоцкі:

«На вайне першаю гіне праўда. І калі павінныя перамагчы справядлівасць і дэмакратыя – павінная перамагчы і праўда. Каманда, якая будзе тут працаваць, будзе датычная да вяртання справядлівасці, праўды і свабоды слова ва Украіне і ў рэгіёне».

Само прадстаўніцтва, выказаў упэўненасць Барташ Ціхоцкі, будзе своеасаблівым прытулкам для мясцовых украінскіх журналістаў, дзе яны змогуць разлічваць на дапамогу калегаў з польскага тэлебачання.

Ірына Юр’ева, Марына Ступак, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама