ААН паведамляе пра амаль 6 тысяч ваенных злачынстваў ва Украіне

У 21-м стагоддзі вайна не можа быць прымальнай, кажа Антонью Гутэрыш. Свой візіт ва Украіну генеральны сакратар ААН пачаў з наведвання Барадзянкі, гораду ля ўкраінскай сталіцы, які моцна пацярпеў ад расейскай акупацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я ўяўляю маю сям’ю ў адным з гэтых дамоў, цяпер разбураных і чорных. Я бачу, як мае ўнучкі ў паніцы ўцякаюць. І частку сямʼі ў выніку забіваюць», – сказаў Антонью Гутэрыш журналістам.

Ва Украіну генеральны сакратар ААН прыехаў пасля візіту ў Маскву, падчас якога прапанаваў Пуціну стварыць каардынацыйную групу для ўзгаднення зялёных калідораў. У Запарожжа ж на просьбу Гутэрыша ўжо едзе каардынатарка сістэмы ААН ва Украіне Оснат Лубрані, каб падрыхтаваць эвакуацыю Марыупалю.

Толькі за мінулую ноч расейскія войскі нанеслі 50 авіяўдараў па заводзе «Азоўсталь» у Марыупалі, дзе апроч абаронцаў гораду, у тым ліку параненых, хаваецца і цывільнае насельніцтва. Паводле намесніка камандзіра палка «Азоў», расейскія акупанты скідалі на горад між іншага і забароненыя міжнароднымі канвенцыямі фосфарныя бомбы.

«І толькі цяпер, я спадзяюся, свет разумее, якую памылку дапусціў. Я хачу сказаць, што праз лаяльную палітыку свет выкарміў новага Гітлера, Гітлера 21-га стагоддзя», – кажа намеснік камандзіра палка «Азоў» Святаслаў Паламар.

Сведчанняў пра злачынствы расейскіх вайскоўцаў ва Украіне ўсё большае. ААН паведамляе, што задакументавала ўжо амаль 6 тысяч выпадкаў меркаваных ваенных злачынстваў ва Украіне. Паводле генеральнага пракурора Украіны Ірыны Вэнэдзіктавай, яе ведамства распачало ўжо больш за 8 тысяч расследаванняў па фактах парушэння законаў вядзення вайны.

«Дзеянні Расеі кваліфікуюцца як злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы. Мы таксама мяркуем, што ёсць усе падставы сцвярджаць, што характар парушэнняў вельмі нагадвае злачынства генацыду», – так Ірына Вэнэдзіктава акрэсліла дзеянні расейскіх вайскоўцаў падчас нефармальнага паседжання Рады бяспекі ААН.

Сустрэчу зладзілі для каардынацыі намаганняў для расследавання ваенных злачынстваў Расеі. Вайна Пуціна настолькі абуральная, што нават пасля неаднаразовых папярэджанняў з боку ЗША ўкраінцы не маглі паверыць, што такое можа здарыцца, падкрэсліла праваабаронца Амал Клуні.

«Я дагэтуль чытаю загалоўкі навінаў і не ведаю, як іх успрымаць. Няўжо тысячы дзяцей сілком дэпартуюць у Расею? Няўжо дзяўчынак-падлеткаў гвалцяць на вуліцы на вачах іхнай сямʼі і суседзяў? Няўжо будынак, на якім было напісана “Дзеці”, разбамбілі? А мірных жыхароў у Марыупалі сістэматычна катуюць, і яны галадаюць да смерці? На жаль, адказ станоўчы», – кажа Амал Клуні.

Масавыя забойствы, катаванні, гвалтоўны вываз цывільнага насельніцтва, сексуальныя злачынствы і злачынствы супраць дзяцей, марадзёрства і знішчэнне культурных каштоўнасцяў – для кожнага пункту ўжо збіраюцца доказы. Для расследавання сітуацыі ва Украіне Міжнародны крымінальны суд у Гаазе задзейнічаў рэкордную колькасць краінаў – 43.

«Я не за Расею і не супраць Расеі, я не за Украіну і не супраць Украіны. Гэта пытанне палітыкі. Тое, за што мы выступаем, і гэта не пусты гук, – мы выступаем за закон, які служыць чалавецтву і абараняе чалавецтва. І мы будзем рабіць сваю працу», – кажа Карым Хан, галоўны пракурор міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе.

Злучаныя Штаты заяўляюць, што расейскія вайскоўцы чарговы раз парушылі законы вайны – у ваколіцах Данецку забілі ўкраінскіх салдатаў, што здаліся ў палон. Расея ж працягвае вінаваціць у ваенных злачынствах Украіну, цвердзіць, што мірных жыхароў украінскія войскі выкарыстоўваюць у якасці жывых шчытоў, а ўзбраенне размяшчаюць у жылых раёнах.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама