Памежная ахова Польшчы: уцекачы не звярталіся па міжнародную абарону

Пару беларусаў, Паўла і Вольгу, што мінулымі выходнымі спрабавалі трапіць у Польшчу без візаў, не пускалі, бо яны не прасілі міжнароднай абароны. Гэтак паведамляе прэс-служба Надбужанскага аддзелу памежнай аховы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Падчас памежнага кантролю і гутаркі, якую праводзілі работнікі памежнай службы ў Тэрэспалі, замежнікі мэтаю свайго прыезду назвалі эканамічныя прычыны – паляпшэнне матэрыяльнага становішча. Замежнікі не дэкларавалі жадання падаць хадайніцтва аб міжнароднай абароне на тэрыторыі Польшчы. Яны не паведамлялі, што могуць зазнаваць нейкія рэпрэсіі на тэрыторыі сваёй краіны», – паведамляецца ў адказе.

Паводле прэс-службы Памежнай аховы, калі беларусы другі раз праходзілі кантроль, яны ўжо выказалі жаданне скласці хадайніцтвы наконт міжнароднай абароны на тэрыторыі Польшчы.

Павел і Вольга заяўляюць, што і першым разам прасілі палітычнага прытулку, але іх вярнулі ў Беларусь.

Падчас другой жа спробы памежнікі не давалі звязацца з прадстаўніком у Польшчы, Міхаілам Куцко.

«Памежная ахова нас не пусціла да гэтых людзей з тлумачэннем, што яны не маюць даверанасці на польскай мове. На нашую просьбу даць ім узор заявы, каб яны маглі перапісаць, адказалі адмовай», – сцвярджае Міхаіл Куцко.

Павел адзначаў, што тэлефоны ў беларускай пары забіралі, каб яны не запісвалі размоваў.

«Кожны раз, калі прыходзяць размаўляць, тупа забіраюць тэлефон. Адвялі ў асобны кабінет спачатку, проста прасілі, гадзіну мурыжылі. Пад канец слёзна прасілі ледзь не на каленях, каб падпісалі ўсе заявы і ўсё зрабілі без адвакатаў», – распавядае Павел.

Са словаў Міхаіла Куцко, у Беларусі пара мела бізнес, звязаны са службаю таксі.

«Падчас выбараў у жніўні 2020-га давалі распараджэнні сваім кіроўцам вазіць ваду, прадукты на Акрэсціна, давалі ўказанні проста завозіць людзей бясплатна і гэтак далей», – кажа Міхаіл Куцко.

Са словаў Паўла і Вольгі, у Беларусі ім пагражаў крымінальны пераслед, бо іх ужо выклікалі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў за данаты ў фонд «BYSOL». Кіберпартызаны не змаглі пацвердзіць інфармацыі пра пару, паводле іх звестак, у 2020-м і 2021-м годзе Павел нідзе не працаваў.

«Што гэта за людзі – няма простага адказу. Гэта не нейкія вядомыя актывісты, гэта не людзі, якія дакументальна пацвердзілі свой удзел у актыўнасцях і факт рэпрэсіяў. Гэта людзі, якія прыехалі на мяжу і паспрабавалі падацца на абарону ў Польскай Рэспубліцы», – кажа сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Цяпер, паводле інфармацыі выдання “mostmedia.io”, пара жыве ў сяброў у Варшаве. Павел і Вольга падалі дакументы на міжнародную абарону і чакаюць адказу. Важна, каб адмова на заезд для беларусаў не стала прыкраю тэндэнцыяй, кажа Андрэй Стрыжак. І не раіць паўтараць учынак маладзёнаў:

«На будучыню ўсім, хто хоча зрабіць нешта гэткае, вельмі не раю, бо калі едзеце раптоўна на мяжу, нават калі маеце падтрыманне польскіх праўнікаў, – гэта рызыка, бо можа быць адмова і тады вы трапляеце ў вельмі непрыемную сітуацыю».

У выпадку неабходнасці тэрмінова выехаць з Беларусі Андрэй Стрыжак раіць звязвацца з фондам «BYSOL» ці з праваабарончымі арганізацыямі, дзе дапамогуць не толькі выехаць з найменшымі траўмамі, але і забяспечыць доказы пераследу лукашэнкаўскімі ўладамі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама