У Беларусь прыйшла летняя спёка. Як перажыць экстрэмальныя тэмпературы?

Летняя спякота абрынулася на Беларусь. Шмат для каго гэта сапраўднае выпрабаванне. У такое надвор’е арганізм губляе шмат вадкасці, таму пітная вада – ваш галоўны сябар. Піце часта, нават калі не адчуваеце смагі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пералік парадаў пры высокай тэмпературы даволі просты. Намагайцеся пазбягаць прамога сонечнага святла, насіце галаўны ўбор, звядзіце да мінімуму фізічныя нагрузкі. Важна абраць правільнае адзенне.

«Не зашпільваць вопратку на ўсе гузікі. Трэба каб было вольна і ўтульна. Варта пазбавіцца цёмных колераў, бо колер убрання таксама мае значэнне», – лічыць фельчар Фёдар Сумкін.

Звярніце ўвагу і на харчаванне. Аддайце перавагу садавіне, гародніне ды лёгкім стравам. Не ўжывайце тлустай ежы – яна патрабуе больш энергіі для ператраўлівання. Вострыя стравы спрыяюць вылучэнню поту, а гэта парушыць водны баланс. Папоўніць жа яго алкаголем – кепская задума.

«Алкаголь пашырае сасуды і псуе тэрмарэгуляцыю. Маленькая бутэлька піва можа стаць прычынай страты прытомнасці», – перасцярог фельчар Фёдар Сумкін.

Не варта злоўжываць кавай, яна таксама выводзіць вільгаць з арганізму. Пры магчымасці не выходзьце на вуліцу ў самую спёку. З 11 да 15 гадзіны заставайцеся ўдома. Але і тут ёсць свае правілы.

Да 30% цяпла пранікае ў памяшканне з сонечным святлом праз вокны, таму ёсць сэнс шчыльна закрыць іх хаця б на самы гарачы перыяд дня, калі сонца найболей актыўна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці бавяцца ў фантане на вуліцы Пуліхава. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2022 года. Фота: Белсат

Парада заставацца ўдома не датычыць тых, хто працуе офлайн. Але пры гэтым існуюць нарматыўныя дакументы, паводле якіх, працадаўцы мусяць забяспечыць адпаведныя ўмовы. Паводле Мінпрацы, працадаўца абавязаны зарганізаваць кандыцыянаванне паветра; забяспечыць працаўнікоў пітною вадою; даць месца для адпачынку ды прадугледзець перапынкі 5–10 хвілінаў, якія не ўваходзяць у абедзенны час. Працаўнікі мусяць ужываць адпаведныя сродкі індывідуальнай абароны – спецадзенне павінна быць з паветрапранікальных тканінаў. Як з выкананнем патрабаванняў на практыцы?

«Ніхто за гэтым не сочыць. Людзі выкручваюцца як могуць. У лепшым выпадку могуць знайсці цень, каб перасядзець спёку. І тое, калі майстар не будзе падганяць», – распавёў прадстаўнік «Рабочага Руху» Аляксандр Сакалоў.

Калі камусьці абараніцца ад спёкі не атрымалася – абавязкова выклікайце хуткую дапамогу. Да прыезду медыкаў трэба перамясціць чалавека ў цень ды намачыць яго вопратку. Моцная спякота захаваецца ў Беларусі і ў выходныя, а пахаладанне, хоць і вельмі адноснае – крыху ніжэй за трыццаць градусаў, – беларусаў чакае толькі бліжэй другой паловы наступнага тыдня.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама