Рэпрэсіі існага ў Беларусі рэжыму могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці

Рэжысёр Максім Буйніцкі зняў дакументальны фільм пра трох чалавек, якія прайшлі праз катавальні ў час пратэстаў 2020-га года: «Яны не хочуць заставацца ахвярамі гэтых падзеяў. Гэта значыць, яны намагаюцца рабіць тое, што ад іх залежыць».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Літоўскі цэнтр права і дэмакратыі «JusticeHub» падрыхтаваў справаздачу аб працы цяперашніх беларускіх судоў. Ён выявіў і задакументаваў цэлы шэраг правапарушэнняў. У тым ліку невыкананне прынцыпаў незалежнасці, парушэнні асноўных правоў чалавека, адсутнасць права на справядлівы суд ды іншае.

«Думаю, мы прыйдзем да таго, што будзе патрэбен спецыяльны трыбунал па злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі. Таму што беларускія суды самі з’яўляюцца інструментамі гэтых злачынстваў», – кажа кіраўнік літоўскага Цэнтру права і дэмакратыі «JusticeHub» Дайнюс Жалімас.

Стварылі адмысловую базу суддзяў, якія ў Беларусі выносяць неправамерныя выракі. Цяпер у ёй больш за дзвесце асобаў. Сёння робяцца спробы пераследаваць іх з дапамогаю прынцыпу міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі.

«Калі немагчыма разгледзець справу ў нацыянальнай юрысдыкцыі, можна звярнуцца ў іншую краіну, калі ўмовы крымінальнага заканадаўства гэтай краіны адпавядаюць, – кажа прадстаўніца Офісу Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр. – Галоўная мэта справаў па ўніверсальнай юрысдыкцыі – абвесціць у міжнародны пошук тых людзей, якія былі вінаватыя і зафіксаваць на ўзроўні расследавання тое, што адбылося».

Тым больш устанавіць віну суддзяў – найпрасцей. Хаця б таму, што менавіта іхныя прозвішчы стаяць на неправамерных выраках беларусам, якія выступілі супраць беззаконня і дамагаліся справядлівых выбараў.

«Ёсць імі падпісаныя прысуды. І, вядома, побач па гэтай справе мусяць праходзіць і пракурор, і следчыя. Кола канкрэтных падазраваных можна хутка выявіць», – мяркуе Дайнюс Жалімас.

Намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка лічыць важным ужываць прынцыпы ўніверсальнай юрысдыкцыі не толькі да прадстаўнікоў судовай сістэмы. Цяпер польская пракуратура разглядае магчымасць пачаць судовую справу супраць Лукашэнкі. А згодна са справаздачай Управы вярхоўнага камісара ААН, сістэматычныя рэпрэсіі існага ў Беларусі рэжыму ў дачыненні пратэстоўцаў ды грамадзянскай супольнасці могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці.

«Правасуддзе, на жаль, працуе вельмі доўга. Але сапраўднае правасуддзе прыводзіць да адказнасці. Я ўпэўнены, як самога грамадзяніна Лукашэнкі, так і ягоных памагатых. І яна наступіць. Гэта такі моцны сігнал унутр сістэмы для тых, хто там працуе і хто хацеў бы пайсці ў гэтую сістэму», – кажа Павел Латушка.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі цяпер 1466 палітычных вязняў. Ініцыятыва «Палітзэк» падае лік 1742 асуджаныя з палітычных прычынаў. Дакладную колькасць тых, хто з 2020-га года прайшоў праз Акрэсціна або іншыя ізалятары часовага ўтрымання, устанавіць складана. Прынамсі цяпер.

Ян Федаровіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама