Жывыя зарабляюць на мёртвых: у Расеі выраслі кошты на пахаванне

Збіраць не на мару, а на пахаванне. Такая цяпер расейская рэчаіснасць. Паводле выдання «Важныя гісторыі», летась сярэдні кошт пахавання ў гэтай краіне склаў амаль 55 000 расейскіх рублёў, або прыблізна 2 000 беларускіх. Гэта на 16 % больш, чым у 2022-м. У асобных рэгіёнах Расеі рост коштаў быў яшчэ большы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта, напрыклад, Кабардзіна-Балкарыя, Адыгея, Калмыкія. Там прырост склаў літаральна 50-60 %. То бок досыць шмат. Пры тым, што самыя кошты на пахаванне не вельмі высокія ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Гэтак, у Адыгее гэта крыху больш за 13 000 рублёў за 2023 год і 8 000 – за 2022-гі», – распавяла аўтарка даследавання Лена Лямясава.

Аўтары даследавання патлумачылі, што да росту коштаў на рытуальныя паслугі прывёў цэлы шэраг фактараў, у тым ліку інфляцыя, змена курсу валютаў. А перш за ўсё паўплывалі санкцыі, якія Захад увёў супраць Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.

«Даражэюць матэрыялы, якія звычайна выкарыстоўваць пры пахаванні. То бок раней, напрыклад, розныя лакафарбавыя матэрыялы везлі з Еўропы, цяпер гэта немагчыма. І, адпаведна, Расея шукае якія-небудзь шляхі імпартазамяшчэння. Паслуга, адпаведна, даражэе. Тое ж самае, напрыклад, адбываецца з крэмацыяй», – адзначыла Лена Лямясава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама «Рытуальныя паслугі».Фота «Белсат»

Але ж на якія сродкі могуць разлічваць расейцы, каб праводзіць блізкага ў апошні шлях? Федэральная дапамога на пахаванне 1-га лютага дасягнула амаль 8 400 рублёў. У асобных рэгіёнах гэтая сума можа быць большая за кошт павышальнага каэфіцыенту і дадатковых выплатаў. Мае сэнс і асоба памерлага – прынамсі, на пахаванне вайскоўцаў дзяржава вылучыць больш сродкаў. Да таго ж, паводле ўказу Пуціна, сем’і загінулых удзельнікаў гэтак званай спецыяльнай ваеннай аперацыі могуць разлічваць на выплату 5 мільёнаў рублёў. Але ж для большасці пахаванне – моцны ўдар па гаманцы.

«Так, на жаль, у Расеі памер гэтай дапамогі невялікі, нават калі параўноўваць з Беларуссю. І гэты момант праблематычны, гэта хіба ў заканадаўстве. Пра гэта шмат хто кажа ўжо не першы год», – зазначыў заснавальнік пахавальнага дому «Журавли» у Расеі Ілля Балтуноў.

Імаверна, гэтую праблему ў Расеі змогуць развязаць пасля прыняцця цалкам новага закону аб пахаваннях. Пра татальны перагляд дакументу, які дзейнічае з 1996 года, у Дзяржаўнай думе казалі яшчэ два гады таму. Аднак з таго часу заканадаўства перажыло толькі шэраг змяненняў і дапаўненняў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама